~~META: title = Янка Купала — Мая навука &keywords = Купала, навука &abstract = Чытаць верш "Мая навука" Янкі Купалы &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Мая навука ====== Мне мудрасці кніжнай не даў бог пазнаці,\\ Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —\\ Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці\\ I дум беларускіх без школы і кніг.\\ \\ Ад самай красы маіх дзён невясёлых\\ Настаўнікам быў беларускі абшар;\\ Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах\\ Навуку сваю мне прыносілі ў дар.\\ \\ Душу акрылялі прыгожасці свету,\\ Па гонях пад небам лунала яна,\\ Купалася ў сонцы вясёлкай распетай,\\ Сама, як вясёлка, як казка-вясна.\\ \\ I п'яная чарамі, п'яная песняй,\\ Як сон заварожаны райскіх мясцін,\\ Шаптала мне дзівы цвітучых прадвесняў\\ I песняй лілася з паходам часін.\\ \\ Бурлівая рэчка і млын гутарлівы\\ Адмерным, раскоцістым плюскатам вод\\ Складалі мне рытму мастацкія звівы,\\ Парадквалі складаў раскоцісты ход.\\ \\ Цяністыя бітага шляху прысады\\ I ў вырай лятучыя гусяў шнуры\\ Гармонію ўводзілі ў песельным складу,\\ Сачылі нязгоднай зваротак ігры.\\ \\ Зялёнае поле рунеючым збожжам,\\ Цвітучая ў сонечны цвет сенажаць\\ Мне песню квяцілі ўзорам прыгожым,\\ Вучылі, як словы ў вянок завіваць.\\ \\ Ад шопату спелых пшанічных калоссяў,\\ Ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш\\ Музычнае водгулле ў песню лілося,\\ Злівалася з жальбамі скрыўджаных душ.\\ \\ Шум бору адвечнага казкавым сказам\\ Нашэптываў смутную повесць жыцця\\ I песню ў шум-гоман захопліваў разам,\\ Заснуўшыя думы будзіў з небыцця.\\ \\ А сонца, скрозь сеючы іскры па свеце,\\ Мне песню іскрыла нябесным святлом,\\ А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,\\ Даў волю і крылле лунаці арлом.\\ \\ Каса, і сякера, і цэп малацьбітны\\ Магутную волатаў сілу далі;\\ Марозы і спёкі далі гарт нязбытны —\\ Мне песню, як звон, як пярун, адлілі.\\ \\ Так іншай не знаўшы навукі і школы,\\ У пацёмках шукаў і знайшоў божы дар;\\ Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы,\\ Цяпер беларускай я песні ўладар.\\ \\ 1919 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>дзедава-навука]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]] * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]]