Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:янка-купала-мая-доля

Гэта старая версія дакумента!


Янка Купала — Мая доля

Мая доля, дык вось доля,
Каб ты лопнула была!
Каб у чыстае дзе поле
Ад мяне ты уцякла!

Чаму ж, доля, ты цяжкая,
Тут мне шчасця не даеш?
Чаму ж, горкая такая,
Смерць мне лепей не пашлеш?

Гэтак цягам мяне мучыш,
Як душу у пекле чорт;
Гэтак сэрца маё сушыш,
Што аж сам я ссох, як хорт!

Не даеш ты мне спакою
Ані ўночы, ані ўдзень, –
Усё ходзіш ты за мною,
Як нябожчыка той цень.

Куды толькі ні парвуся,
Каб хоць троха лепей жыць,
Дык калі не аглянуся,
Мая доля тут бяжыць.

I усё мне скруціць, змуціць,
Як хто дзе калом ваду.
I душу маю засмуціць,
I нашле злую бяду.

I жыццё ня міла стане,
Згінуць хочацца зусім.
I як бы хто сэрца зране, –
Нейкі боль чуваць у ім.

I так хочацца зваліцца
У глыбокі дзе ручэй,
Каб ня бачыць – утапіцца –
Ані сонца, ні людзей.

Дык вось, доля, мая доля,
Каб ты лопнула была!
Каб у чыстае дзе поле
Ад мяне ты уцякла!

Падобныя старонкі

  • янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц
  • янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа
  • янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-
  • янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп
  • янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы
творы/янка-купала/янка-купала-мая-доля.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki