~~META: title = Янка Купала — Маладая Беларусь &keywords = паплыла, пацякла, капца, зары, годзе, вецер, смела, пужае, мяжы &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Маладая Беларусь" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Маладая Беларусь ====== Вольны вецер напеў вольных песень табе,\\ Бор зялёны ўзняў дружным гоманам,\\ Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,\\ Зоры веру ўлілі сілам зломаным.\\ \\ І ў час буры, нягод і вялікіх надзей\\ Зацвіла, расцвіла даўгажданая,\\ І крыніцай жывой над айчызнай сваей\\ Паплыла, пацякла неспыняная.\\ \\ Паплыла, пацякла з светлай казкай жыцця\\ Полем, лесам, гарой і далінаю...\\ З свойскіх кветак-пралесак – карона твая,\\ Ўся сама – ясната лебядзіная.\\ \\ Зіxаціш і гуслярскаю песняй звініш,\\ Узнімаеш мінуўшчыну даўную;\\ Час сягонняшні ўперад ісці не пыніш\\ І глядзіш смела ў будучнасць тайную.\\ \\ Смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет,\\ Сееш ласкава сны залацістыя;\\ Не пужае сумежны дакучны сусед,\\ Не пужае пуціна цярністая.\\ \\ Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца\\ Абнаўлення павевы расходзяцца,\\ Абнімае душу без граніц, без канца\\ Маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца.\\ \\ Ўжо не так тапары ў зялёным бары\\ Хвойкі валяць зімой маразянаю.\\ Ўжо не так касары ад зары да зары\\ Летам звоняць касой адкляпанаю.\\ \\ Значан гарт у руках, чутна песня без слёз,\\ Грудзі славы надзеяй калышуцца,\\ Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос\\ Наўсяды людзьмі новымі пішацца.\\ \\ Расцвітай жа, ўзнімай на арліных крылах\\ Душы, сэрцы і думы заспаныя,\\ Вызывай, выклікай на вялікі прасцяг\\ Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.\\ \\ Высылай, рассылай на край свет пасланцоў,\\ Як з гнязда сакалінага сокалаў,\\ Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,\\ Хай грымяць весткай добраю ўвокала.\\ \\ Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так\\ Сіратой начавала забытаю,\\ Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,\\ Косці вецер тачыў непакрытыя.\\ \\ Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,\\ Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;\\ Занімай, Беларусь маладая мая,\\ Свой пачэсны пасад між народамі!..\\ \\ 1906-1912 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]] * [[творы/янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп]] * [[творы/янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц]] * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]]