~~META: title = Янка Купала — Магіла льва &keywords = Машэка, Наталька, паэма &abstract = Ідэйны змест паэмы Янкі Купалы "Магіла льва". Вобразы галоўных герояў (Машэка, Наталька, баярын). Асаблівасці кампазіцыі і жанра паэмы. Роля лірычных адступленняў &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Магіла льва ====== «Магіла льва» – ліра-эпічная паэма з трагедыйным лёсам галоўнага героя. Сваім зместам яна звернута да даўняга мінулага, якое засталося ў гістарычнай памяці народа. У аснове [[слоўнік/сюжэт|сюжэта]] – не канкрэтна-гістарычныя падзеі, а народная легенда пра ўзнікненне Магілёва, пра Машэкаву гару, пра магілу льва. Легендарная гісторыя, што захавалася ў паданнях, з’явілася толькі адпраўным пунктам для аўтарскай мастацкай канцэпцыі твора. Паэт значна пераасэнсаваў яе, адкрыў у ёй глыбокі чалавечы змест, важны як урок для сучаснасці.\\ Ва ўступе паэмы ставіцца спрадвечнае пытанне: у чым «прычыны... крыўд і бед» народных? Яно з’яўляецца галоўнай сацыяльна-філасофскай ідэяй твора, вызначае яго змест, асаблівасці маральна-эстэтычнай праблематыкі, ляжыць у аснове яго драматычнага [[слоўнік/канфлікт|канфлікту]].\\ Галоўнымі героямі паэмы з’яўляюцца Машэка і Наталька. У вага аўтара засяроджана на адным з самых драматычных момантаў іхняга жыцця – на гісторыі іх нешчаслівага кахання. Праўдзіва раскрываецца складаны, супярэчлівы свет іх думак, уяўленняў, пачуццяў, перажыванняў, паводзін.\\ \\ **Вобраз Машэкі**\\ Машэка – рамантычны герой. Чалавек незвычайнай сілы, моцнай волі: Асілкам гэтакім ад роду\\ Машэка быў ў сваёй радні,\\ Дзіцём нясці ўжо мог калоду,\\ Якой трох сталых – не маглі. \\ Прырода надзяліла яго не толькі фізічнай сілай, але і залатой натурай. Ён быў добрым, шчырым, нікому крыўды не рабіў. З ранніх гадоў быў закаханы ў Натальку. Дзяўчына абваражыла яго сваім хараством. Каханне не давала яму «ні спакою, ні прыстання». Машэка гэтакі асілак,\\ Што рваў дзярэўе з каранём,\\ Ў руках яе стаў як апілак:\\ Яго забрала хараством. \\ Нечакана каханне стала бядой для Машэкі. У час вымушанай разлукі з любай, калі Машэку давялося гнаць да Кіева плыты, Наталька здрадзіла яму, стала палюбоўніцай багатага баярына. Так было страчана самае дарагое, чаму Машэка пакланяўся, чым жыў. Ён моцна перажываў. Не мог змірыцца з гэтай здрадай. Напачатку затоена маўчаў, цярпеў. З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,\\ Расла ў ім помста, як змяя, –\\ I сам, як гадзіна, ў ёй віўся,\\ Ў жыцці не бачачы пуцця. \\ Пасля, дачакаўшыся вясны, Машэка ўцёк у пушчу... ...у ёй асеўся,\\ Змяніўся ўвесь, як ваўкалак,\\ У скуру воўчую адзеўся\\ I стаў на жыр выходзіць так. \\ Спачатку ахвярамі яго былі багатыры, а потым – вяскоўцы. Страціўшы сумленне, Машэка губіў людзей, не адчуваючы сваёй віны.\\ Такім чынам, канфлікт паміж Машэкам і баярынам, Машэкам і Наталькай перарастае ў канфлікт паміж ім і народам. Машэка становіцца злачынцам. Парушаюцца маральныя асновы яго жыцця. Чалавек, які ад прыроды атрымаў такія выдатныя задаткі, быў добрым, шчырым, сардэчным, адчужаецца ад народа, робіцца забойцам. Духоўнае і сацыяльнае адзіноцтва прыводзіць яго да згубы, да страты чалавечнасці, усяго таго, што вызначае духоўнасць і душэўнасць чалавека. Трагедыя Машэкі ў тым, што ён, аслеплены сваёй крыўдай, прагай помсты, страціў чалавечае аблічча. За гэта адступніцтва народ не можа яму дараваць. Калі Наталька прынесла вестку аб смерці Машэкі, вяскоўцы «яе віталі добрай чэсцю». I не было там чалавека,\\ Каб хоць адну пусціў слязу. \\ I ўсё ж памяць народная, паводле легенды, захавала і добрае і благое пра сілу Машэкі. Вяскоўцы пахавалі яго па-хрысціянску і назвалі яго магілу «Магілай Льва». Яго высокую магілу –\\ Дзе лес ды вецер панаваў –\\ Знаць, што вялікую меў сілу,\\ «Магілай Льва» народ назваў. \\ **Вобраз Наталькі** шырока не раскрыты ў паэме. Паказаны толькі самыя характэрныя, самыя выключныя абставіны яе жыцця. «Дзіця сяла іграмады», Наталька была найпрыгажэйшай сярод вясковых дзяўчат, захапляла ўсіх сваёй дзявочай красой: Наталька ў вёсцы між сваімі\\ Найпрыгажэйшаю была,\\ Грудзямі, шчочкамі, вачыма,\\ Я к мак, між макамі цвіла. \\ З малых гадоў Наталька сябравала з Машэкам, а калі падрасла, пакахала яго. Аднак у час разлукі з любым, паддаўшыся на заляцанні багатага баярына, нечакана здрадзіла Машэку.\\ Калі пасля смерці баярына Машэка сустрэўся з Наталькай, то ў яго з новай сілай абудзілася ранейшае пачуццё. Ён быў рады. Пакорна яе песціў і галубіў, ды толькі не мог уцешыць Натальку. Яна не магла ўжо так, як раней, любіць яго. Спазнаўшы панскія раскошы, дзяўчына «не мела сіл змагчы ў пустошы і адзіноцтва, і жуды» і вырашыла «згубіць разбойніка», адпомсціць яму «за кроў пралітую крывёю»...\\ У вобразе Наталькі сумяшчаюцца супярэчлівыя рысы. З аднаго боку, яна асуджаецца за адступніцтва ад народа, за тое, што «сама к бядзе пайшла сваей... не дбала свету і людзей...». З другога боку, людзі, нібы гераіню, сустракаюць і вітаюць яе, калі яна прыходзіць у родную вёску з «добрай весцю» аб смерці разбойніка.\\ Наталька, як і Машэка, – постаць адметная, незвычайная. Яна валодае прываблівай красой, але, як і Машэка, застаецца адзінокім чужынцам.\\ Зместам твора, логікай развіцця канфлікту [[постаці/янка-купала|Янка Купала]] прыводзіць чытача да высновы: «...прычыны нашых крыўд і бед» у адступніцтве асобы ад народа. Трагедыя ў тым, што найдаражэйшыя духоўныя якасці – сіла, мужнасць, дабрыня, краса, каханне, сардэчнасць, чалавечнасць – страчваюць, губляюць свой воблік, калі адчужаюцца ад народа.\\ \\ **Вобраз баярына** не разгорнуты ў паэме. Ён паказаны бязлітасным прыгнятальнікам, крыўдзіцелем народа, свавольнікам, носьбітам грубай сілы, амаральнасці. Яго палац, абнесены высокім мурам, нагадвае астрог. У сваім свавольніцтве малады баярын не спыняецца ні перад чым: Усюды броіў самазбродам,\\ Тварыў закон свой і свой суд\\ Над абнядоленым народам,\\ Што збыць не меў сіл сваіх пут. \\ Баярын разбіў шчасце і Наталькі. Стаў віноўнікам трагедыі Машэкі.\\ \\ «Магіла льва» – ліра-эпічная паэма, паэма з драматычным сюжэтам. Складаецца яна з 20 раздзелаў, кожны раздзел – з шасці чатырохрадковых строф. Апавяданню папярэднічае уступ, дзе гучыць аўтарскае слова: роздум паэта аб гістарычнай памяці, лёсе народа, аб прычынах «крыўд і бед» народных. Паэма завяршаецца заключным раздзелам, які набывае значэнне [[слоўнік/эпілог|эпілога]]. Апісваюцца падзеі, якія адбыліся пасля галоўнага дзеяння: узнікненне Магілёва, які вырас на Машэкавай гары, атрымаўшы ў народзе назву «Магіла Льва».\\ \\ Важную кампазіцыйную ролю ў паэме выконваюць частыя [[слоўнік/лірычнае-адступленне|лірычныя адступленні]], цесна звязаныя з сюжэтам. Апрача ліры-ка-філасофскага разважання пра гістарычную даўніну, усе астатнія адступленні адносяцца да характарыстыкі герояў твора. Гэта лірычныя разважанні пра здрадлівае каханне, пра прыгажосць беларускіх дзяўчат, пра людскую хітрасць, пачуццё помсты. Разам з эпічным сюжэтам лірычныя адступленні надаюць паэме адметную асаблівасць, паглыбляюць яе сацыяльна-філасофскі змест. Нярэдка яны чаргуюцца з пейзажнымі замалёўкамі. Пейзаж выконвае ролю эмацыянальнага фону для галоўных падзей. Пушча не дае волі Дняпру вырвацца на прастор. Вобраз пушчы, хмурнай, бязлюднай, дзе днявалі і начавалі ваўкі, дзікі, ласі, мядзведзі, узмацняе трагізм, адзіноцтва, адчужанасць душы Машэкі.\\ Напісаная паводле матываў народнай легенды, цесна звязаная з фальклорам, непасрэдна звернутая сваім сацыяльна-філасофскім зместам да карэнных праблем народнага жыцця, паэма «Магіла льва» стала значнай з’явай ліра-эпасу Янкі Купалы і ўсёй беларускай паэзіі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-над-брацкай-магілай]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-прынясіце-кветкі-салдатам]] * [[ibdc.ped>заклятая-магіла-волата]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа]]