~~META: title = Янка Купала — Заклятая кветка &keywords = бягуць, кветку, вочы, крыламі, кажан, сава, мільёны &abstract = Чытаць верш Янкі Купалы "Заклятая кветка" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Купала — Заклятая кветка ====== Чуць толькі купальскае свята\\ Набліжыцца з ночкай сваей,\\ Як папараць кветкай заклятай\\ Чаруе няшчасных людзей...\\ \\ З надзеяй, і верай, і сілай\\ Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,\\ Праз высі, даліны, магілы\\ Па кветку бягуць і бягуць!\\ \\ ...Сава пяе песню разлукі,\\ Лапоча крыламі кажан, –\\ Мільённыя цягнуцца рукі,\\ Дзе дрэмле купальскі курган.\\ \\ Тых радасцю вочы смяюцца,\\ Тым зрэнкі крывёй заліло;\\ Піхаюцца, корчацца, б’юцца,\\ Мяшаецца праўда і зло.\\ \\ Пачнуцца галінкі хіліцца,\\ Шасцяць верасы пад нагой.\\ Туж-туж ужо кветку схапіці!\\ Сцікаецца гэты і той –\\ \\ Тыц – стой!.. Глядзяць зорніцы-сведкі,\\ Пявун адгукнуўся ў сяле –\\ Ні ночкі купальскай, ні кветкі!\\ Усё затаілася ў мгле...\\ \\ Залыпалі блудныя вочы,\\ Мільёны уздохаў ляціць.\\ Сава не заціхне – рагоча,\\ Крыламі кажан шапаціць...\\ \\ След костачкі сцелюць – услалі,\\ Здаецца, ўжо час аддыхнуць,\\ Надойдзе ж хай толькі купалле,\\ Мільёны па кветку бягуць!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>папараць]] * [[ibdc.ped>купальскі-абрад]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-ах-якая-над-гайнай-купальска]] * [[ibdc.ped>купалле]] * [[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-ноч-калі-папараць-цвіце]]