Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:янка-купала-алеся

Гэта старая версія дакумента!


Янка Купала — Алеся

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю.

Гаманіў бор сасновы
Ўвечары і ранкі,
Над калыскай ліповай
Пела калыханкі.

– Спі, засні, мая дзетка,
Птушкі ўжо заснулі,
Спі, засні, мая кветка,
Люлі, люлі, люлі.

Спі, не ведай трывогі,
Надыдзе часінка, –
На свае ўстанеш ногі,
Мая ты дзяўчынка.

Будзеш кужаль ты прасці,
Будзеш ткаці кросны,
Выглядаць долі, шчасця
Ў маладыя вёсны.

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.

Як набралася моцы
Матчына дачушка,
Паляцела да сонца
Пералётнай птушкай.

Паляцела дзяўчына
Самалётам гонкім
Над шчаслівай краінай,
Над роднай старонкай.

Адчыняе вароты
Нябесным маршрутам
Ці, як ястраб, з высотаў
Скача з парашутам.

I да сонца праз хвілю,
А ўсё вышай, вышай!
Самалётавым крыллем
Воблакі калыша.

Стара маці днём, ночкай
Марыць ля аконца:
Ужо к прасніцы дочка
Не зляціць з-пад сонца.

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.

Падобныя старонкі

  • янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы
  • янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа
  • янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп
  • янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц
  • янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-
творы/янка-купала/янка-купала-алеся.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki