~~META: title = Янка Золак — Мая Беларусь &keywords = мяне, беларусь, гэта, лера, вера &abstract = Чытаць верш Янкі Золака "Мая Беларусь" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Золак — Мая Беларусь ====== Беларусь для мяне – мая родная маці,\\ Што ў залочаны восені цвет,\\ У сялянскай з лучынаю хаце\\ Спарадзіла мяне на свет.\\ \\ Беларусь для мяне – гэта шчырая вера,\\ Гэта сэрца сыноўнага стук.\\ Беларусь для мяне – гэта звонкая лера\\ I цымбалаў раскацісты гук.\\ \\ Беларусь для мяне – гэта белыя зімы\\ I вясновы бурлівы разліў;\\ Васількі у жытох гаманлівых,\\ Водар бэраў, антонавак, сліў.\\ \\ Беларусь для мяне – гэта восень з кастрыцаю,\\ Верацёнаў гудзенне, красён перастук,\\ Кужаль, тканы матуляй, сястрыцаю,\\ Гэта – плёны ад працы мазолістых рук.\\ \\ Беларусь для мяне – Каліноўскі, Скарына,\\ Багушэвіч, Купала і сотні такіх,\\ Каго гора-бяда не скарыла,\\ Хто ніколі не зрокся сваіх.\\ \\ Беларусь для мяне – гэта слуцкія ткаллі,\\ Што прыгожыя ткуць паясы;\\ Гэта рэк і вазёраў срабрыстыя хвалі,\\ Белавежская пушча і Бранска лясы.\\ \\ Беларусь для мяне – Сакавік Дваццаць Пяты\\ Пуцяводная зорка мая,\\ Случчакі, Вяліжане у бітвах зацятых\\ Ды імклівай «Пагоні» ваяк.\\ \\ Беларусь для мяне – гэта спеўная лера\\ I крынічка, што з лесу бяжыць;\\ У свой край непахісная вера,\\ Што ён жыў і жыве й будзе жыць!\\ \\ 24 сакавіка 1983 г. \\ \\ Крыніца: Золак Янка. Вятрыска з радзімай краіны: Зб. выбр. тв. / Уклад. і прадм. Л. Пранчак. – Мн.: БелАДІ, 1996 – 312 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-золак/янка-золак-божа-ўсяўладны]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-газэла]] * [[постаці/янка-золак]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-мой-дух]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-прыйсце]]