~~META: title = Янка Галубовіч — Шышкі пад снегам &keywords = снег, вавёрачка, мужчына, ямка, мароз, стрэл, шышкі, пень, шышак, лес, зімовы, твар &abstract = Апавяданне Янкі Галубовіча "Шышкі пад снегам" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Галубовіч — Шышкі пад снегам ====== Мінула восень, наступіла зіма. На пачатку снежня мароз скаваў зямлю, схаваў пад лядовым панцырам рэкі і балоты.\\ Выпаў першы снег. Белым пухам пакрыліся маладыя елачкі і хвойкі.\\ Раніцаю, калі трохі аддаў мароз, я сабраўся ў лес. Хаваючы ў каўнер кажуха ад сівернага ветру твар, топчучы лыжамі снег, неўзабаве апынуўся на ўзлеску.\\ У вёсцы, здавалася, снегу не было, а тут ён падаў і падаў, ляцеў зверху наўскасяк.\\ Наперадзе за кустом ядлоўцу тупаў у фуфайцы і заячай аблавушцы са стрэльбаю распаўнелы, з вялікімі шэрымі вачыма і чорнай заінелай барадой мужчына.\\ Пачуўся брэх сабакі. Мужчына ўскінуў да пляча прыклад, прыцэліўся. Праз хвіліну раздаўся стрэл, і я ўбачыў, як падскочыў і, як мяшок, упаў на снег заяц.\\ З дрэў ад стрэлу пасыпаліся пухнатыя сняжынкі, а мужчына засмяяўся задаволена, паказваючы поўны рот залатых зубоў. Яго вочы як у савы зрабіліся, і да зайца заспяшаўся.\\ Мне стала шкада зайца, змяніўся ў твары, быццам пачаў прыслухоўвацца да нечага забалелага ўсярэдзіне, і павярнуў крута ўбок.\\ Зімовы дзянёк, што камароў насок. Сонца не паспела падняцца над лесам, а ўжо апускаецца.\\ Вяртаюся назад, на ўзлесак. Гляджу, ажно ў снезе ямка выкапана, а каля яе вавёрачка сядзіць і шышку лушчыць.\\ Сунуся нячутна, што цень. Але вавёрачка згледзела мяне, на хвойку скочыла.\\ Пакуль дастаў з-пад снегу дваццаць шышак і на пень іх паклаў, навокал стаяў шэры зімовы змрок.\\ Набліжаючыся да вёскі, усю дарогу думаў пра тое, як гэта вавёрачка даведалася, што пад снегам шышкі ляжаць. Капала ямку наўздагад? Але ж звярок выкапаў толькі адну ямку, і як-раз там, дзе шышкі ляжалі. А можа, яна яшчэ восенню гэта месца прыкмеціла?\\ Аказваецца, пад снегам намнога цяплей, чым на паверхні. Цёплае паветра паднімаецца з-пад снегу наверх і цягне за сабой усе пахі, схаваныя пад снежнай коўдраю. Гэтым і карысталася вавёрачка, шукаючы сабе спажыву.\\ Узышоў, холадна засвяціў месяц, прыціснуў мароз. Але за вавёрачку я не перажываў. Да шышак на пень я паклаў яшчэ тры акрайцы хлеба. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>першы-снег-3700]] * [[ibdc.ped>першы-снег]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-першы-снег]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]]