~~META: title = Янка Галубовіч — Вясна &keywords = вясна, сцелецца, сонца, снегу, туманок, рэдзенькі, дожджык &abstract = Апавяданне Янкі Галубовіча "Вясна" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Галубовіч — Вясна ====== Вясна прыйшла светлая, сонечная.\\ На падворках купаюцца ў люстэрках-лужынках шустрыя верабейкі, каромыслам сцелецца з комінаў дым – яўная прыкмета ўстойлівага цяпла.\\ Над палямі, лугамі і пералескамі імжыць лёгкі, амаль летні дожджык. У лагчынах, як пух, сцелецца рэдзенькі белаваты туманок. І цёплы дожджык, і туманок (не бяда, што рэдзенькі) увачавідкі распраўляюцца з апошнімі, спрасаванымі за зіму сіне-наздраватымі лапінамі снегу.\\ Булькочуць, як тыя цецерукі, бягуць навыперадкі жвавыя ручайкі. На пачарнелых пагорках, шукаючы сабе здабычу, важна шпацыруюць велікадзюбыя гракі, над залітым вадою лясным балотцам ашалела носяцца, кігікаючы, кнігаўкі, а на старой ліпе робяць агледзіны сваёй хаткі буслы. Радасны, узбуджаны іх клёкат адзываецца моцным рэхам на ўсю ваколіцу. Рагочуць ад радасці, заліваюцца свістам шпакі, у празрыстым падсіненым паветры звіняць срэбнымі званочкамі жаўрукі.\\ Выпрасталі ад снегу галіны старыя медна-чырвоныя сосны і пацягнуліся да сонца, нібы немаўлятка рукамі да любай маці. Патаўсцелі, набрынялі неўтаймаванай сілай пупышкі маладзенькіх беластволых бярозак, выкінула жоўта-залацістыя каташкі вярба, скінула цёмныя лускавінкі, распушылася, заганарылася лаза.\\ Ажылі, заварушыліся мурашнікі. Вылезла на сонца і грэе на трухлявым пні спіну яшчарка.\\ Вось і дачакаліся вясны! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/леанід-галубовіч/творчасць-леаніда-галубовіча]] * [[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-мова]] * [[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-людскою-разумнаю-воляй]] * [[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-я-раб-паэзіі]] * [[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-верш-паэзія]]