~~META: title = Янка Брыль — Memento mori &keywords = Брыль, memento, mori &abstract = Чытаць кароткі змест і аналіз апавядання "Memento mori" Янкі Брыля &iftrue = nan ~~ ====== Янка Брыль — Memento mori ====== Задуму апавядання "Memento mori" [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]] выношваў доўгі час. Неўзабаве пасля вайны ён даведаўся ад паэта Міхася Васілька пра трагічную смерць іх агульнага сябра заходнебеларускага актывіста Грамады Данілы Скварнюка. Гэтую гісторыю і выкарыстаў пісьменнік для свайго твора, зрабіўшы героя безымянным печніком, каб падкрэсліць тыповасць і агульначалавечую сутнасць яго ахвярнай смерці. I назва "Memento mori" (памятай пра смерць) узята аўтарам з антычнай культуры. Гэтае выслоўе нагадвала старажытным рымлянам і грэкам пра неабходнасць пагарджаць жыццём, памятаючы, што не ва ўсіх абставінах яно жаданае. Так, напрыклад, філосаф Сакрат у прызначаны час выпіў атруту і памёр, выконваючы несправядлівы прысуд афінскага суда. Ён адмовіўся ратаваць жыццё ўцёкамі, бо разумеў, што гэты ўчынак прымусіў бы афінян засумнявацца, ці верыў ён у тое, чаму вучыў іншых.\\ У [[слоўнік/кантэкст|кантэксце]] апавядання Янкі Брыля старажытны афарызм нагадвае, што памяць пра смерць злучае героя з лёсамі продкаў, з іх маральнымі запаветамі жыць па-людску, не забываючы пра фактар часу, які не дае права на памылкі, бо жыццё кароткае, каб іх выправіць.\\ Твор Брыля ўражвае лаканічнасцю і высокай ступенню абагульненасці. У разгар карнай аперацыі печніка вылучылі з натоўпу і падагналі да зондэрфюрэра, той вырашыў падараваць яму і яго сям'і жыццё ў знак удзячнасці за цёплую грубку, зробленую старым майстрам. "Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма, і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць". Гэты партрэт героя падрыхтоўвае праяўленне высокай духоўнай прыгажосці ў звычайнай будзённасці дэталяў — яго адмову прыняць жыццё ў падарунак ад ката. Пячнік усведамляе спалучанасць свайго лёсу з жыццём аднавяскоўцаў, усяго народа, ён жахаецца нялюдскасці таго, што задумалі ўчыніць карнікі. Ён камянее душой, назіраючы, як парушаецца святасць жыцця чалавека, парушаецца бяздушна і дзелавіта, нават бесклапотна.\\ Дыялог зондэрфюрэра з печніком — кульмінацыйны момант у кампазіцыі твора, тут адбываецца супрацьстаянне двух характараў, дзвюх сістэм духоўных каштоўнасцей. Беларускі селянін, які кіруецца ў жыцці традыцыйнай народнай мараллю, у гэтым паядынку перамагае палітычную дактрыну фашыстоўскай сістэмы. Агульначалавечая філасофія быцця непарушная і таму несмяротная, фашызм несумяшчальны з народнай філасофіяй і таму асуджаны на смерць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]]