Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-брыль:янка-брыль-чым-накармілі-мішутку

Гэта старая версія дакумента!


Янка Брыль — Чым накармілі Мішутку

Люда наогул любіць і ўмее прыдумваць.
Яшчэ калі яна была зусім маленькая, трохі больш за паўтара года, і тата, стоячы на верандзе, трымаў яе на руках, Людачка заўважыла, як пад застрэшкам у павуціне б’ецца і ные муха.
– Пуця! – сказала яна, працягнуўшы заслінены пальчык. – Пуця у-та-та!..
А «пуці» было не да гушкалкі.
Потым неяк, гадоў яшчэ праз паўтара, глянула малая раненька ў акно і ўсцешылася:
– Ой, мама, а сняжок як за ноч падрос! Большы яшчэ, як учора!..
Цяпер ужо Людачцы пяты год.
Сёння нядзеля, і тата не пайшоў на работу. Люда прачнулася, бачыць – Аня-Пампушка яшчэ спіць, мама ўжо кудысьці пайшла, а тата сядзіць ды чытае.
І Люда задумалася, падпёршы кулачком пасля сну не вельмі румяную шчаку.
– Ну, што? – спытаўся, пачакаўшы, тата. – Што, мая цёця-маркоця?
– Тата, а Маша ж з’ела ўсю пахлёбку!..
– Якая Маша? Якую пахлёбку?
– А там, што мама ўчора нам чытала: пра Машу і пра трох мядзведзяў.
– Ну і што?
– Маша з’ела ўсю пахлёбку, а чым жа мядзведзіха накарміла тады малога Мішутку?
– Т-ак… Тут, брат, і сапраўды задача…
– А я, тата, думала, думала і прыдумала!
– Ну?
– Вось паслухай. Маша пайшла тады ў лес па грыбы?
– Ну, скажам, па грыбы.
– І назбірала грыбоў?
– Трэба думаць, што назбірала.
– А потым яна спалохалася мядзведзяў і ўцякла праз акно… А грыбы ж свае яна забылася!.. Ага! І Мішуткава мама падсмажыла іх маленькаму… Праўда?

Падобныя старонкі

  • янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл
  • янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-
  • янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-
  • янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць
  • янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб
творы/янка-брыль/янка-брыль-чым-накармілі-мішутку.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki