~~META: title = Янка Брыль — Чым накармілі Мішутку &keywords = тата, маша, мама, грыбы, пахлёбку, акно, мядзведзя, пайшла, пуця, назбірала, Люда &abstract = Чытаць мініяцюру Янкі Брыля "Чым накармілі Мішутку" &iftrue = nan ~~ ====== Янка Брыль — Чым накармілі Мішутку ====== Люда наогул любіць і ўмее прыдумваць.\\ Яшчэ калі яна была зусім маленькая, трохі больш за паўтара года, і тата, стоячы на верандзе, трымаў яе на руках, Людачка заўважыла, як пад застрэшкам у павуціне б’ецца і ные муха.\\ – Пуця! – сказала яна, працягнуўшы заслінены пальчык. – Пуця у-та-та!..\\ А «пуці» было не да гушкалкі.\\ Потым неяк, гадоў яшчэ праз паўтара, глянула малая раненька ў акно і ўсцешылася:\\ – Ой, мама, а сняжок як за ноч падрос! Большы яшчэ, як учора!..\\ Цяпер ужо Людачцы пяты год.\\ Сёння нядзеля, і тата не пайшоў на работу. Люда прачнулася, бачыць – Аня-Пампушка яшчэ спіць, мама ўжо кудысьці пайшла, а тата сядзіць ды чытае.\\ І Люда задумалася, падпёршы кулачком пасля сну не вельмі румяную шчаку.\\ – Ну, што? – спытаўся, пачакаўшы, тата. – Што, мая цёця-маркоця?\\ – Тата, а Маша ж з’ела ўсю пахлёбку!..\\ – Якая Маша? Якую пахлёбку?\\ – А там, што мама ўчора нам чытала: пра Машу і пра трох мядзведзяў.\\ – Ну і што?\\ – Маша з’ела ўсю пахлёбку, а чым жа мядзведзіха накарміла тады малога Мішутку?\\ – Т-ак... Тут, брат, і сапраўды задача...\\ – А я, тата, думала, думала і прыдумала!\\ – Ну?\\ – Вось паслухай. Маша пайшла тады ў лес па грыбы?\\ – Ну, скажам, па грыбы.\\ – І назбірала грыбоў?\\ – Трэба думаць, што назбірала.\\ – А потым яна спалохалася мядзведзяў і ўцякла праз акно... А грыбы ж свае яна забылася!.. Ага! І Мішуткава мама падсмажыла іх маленькаму... Праўда? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]]