~~META: title = Янка Брыль — Цуды ў хаціне &keywords = цуд, хата &abstract = Чытаць апавяданне "Цуды ў хаціне" Янкі Брыля &iftrue = True ~~ ====== Янка Брыль — Цуды ў хаціне ====== Напрадвесні яшчэ ўсё то лядок, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаецца, а ступіш на зямлю — так і глядзі: зачэрпаеш лапцем гразі.\\ Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця і халоднае.\\ Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску па палявой дарозе.\\ Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая і дужая, яна маўчыць, ідзе шырока і цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі.\\ Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, а ў хаце былі сама ды малыя,— кідалася ад стала да парога і, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар са сваім неабдымным горам... Ды вось жыве, гаспадарыць.\\ Толькі і радасці — дзеці. Андрэй і Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. I вучацца ўжо абодва, і дружаць. Трохі, вядома, распусныя, трэба глядзець...\\ — Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне,— кажа яна, не азіраючыся.— Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.\\ — Што ж мы, сабакі — выскаляцца? — адказвае большы, Андрэй.\\ — Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе, нябось, усе свечкі і загараюцца!..\\ Андрэеў хросны, дзядзька Макар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой. Порткі суконныя, шырозныя — ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валёнках, аж ногі не гнуцца.\\ Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі у яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:\\ — Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?\\ I — эх! — заківаўся, замітусіўся па хаце. Кошык з бульбай кашкануў валёнкам пад палок, лап’ё, што ляжала на лаве, шпурнуў у запечак... А хата, хата ў яго!.. Цёмная, нізкая, ток пабіла на ямы.\\ — Не прастарэкуй ты лішне, Макар. Садзіся вось ды шый.\\ — А як жа ты, Лізаветка,— ты ж нешта прынесла?\\ — Паспею. Дай хоць адсапціся.\\ — Сядзь, дарагая, сядзь. Сагрэй бяседай сэрцайка. Яно ж і спяваецца: «Ах, божа ж мой, адзінота мая, прападае ўся работа мая!..»\\ Хросны сеў за машыну, заварушыў вялізнымі валёнкам! на рашотцы, і першы цуд яго беднай хаціны — магутны «Зінгер» — загаманіў.\\ Мішка спачатку, цікаўна застыўшы, сачыў, як скача-гуляе блішчасты шпянёк, як круціцца белая шпулька. А потым — усё адно і тое ж, адно і тое ж... I ён пачаў патроху ныць:\\ — Мама, хадзем дадому... Мама...\\ — Паспееш. I дыхнуць з-за вас няма калі.\\ — Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.\\ Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай і цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо... Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана — трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам і дастаў адтуль другі цуд свае хаты — кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.\\ — Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут і ляжыць.\\ У кнізе той цацкі — ну, як жывыя!..\\ На першай старонцы — зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.\\ На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках са шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады і вось-вось скажа: «П-пых!»\\ — Цікні,— шапнуў Мішку Андрэй.— Мой хросны!\\ I абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.\\ — Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж...»\\ А яны рагаталі, як дурні.\\ Пасля пачалася прымерка.\\ Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго.\\ — Роўненькі, гладзенькі... Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка...\\ — От, мерай ты, Макар. Каторая пара.\\ — I паабедаеце, госцікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй — чым багат, тым і рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.\\ Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам: //лізавецін. мішка. пятровіч. Штанэ// Тады прыгнуўся са сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.\\ — Ага,— схамянуўся ён, адагнуўшыся.— А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?\\ — Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі — кавалеры! З засланкай ды з нагруднікам. Абодвум.\\ — Даўжыня: семдзесят два,— сказаў і запісаў хросны.— Подшаг,— шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.\\ Сам ён, хросны, маленькі і так, а сагнецца — дык і зусім. А за ім стаіць Андрэй. Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, і — зараза! — падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага і маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся і з натугі:\\ — П-пых!\\ Хлопчыкі пырснулі смехам.\\ I мама здагадалася нарэшце што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, а кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.\\ Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.\\ Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут набудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя і круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў — яшчэ і бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто... Бо вось ён, стары ужо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў... Аж мама не вытрывала:\\ — Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос? Хросны зірнуў на руку, здагадаўся і, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:\\ — Сорак другі год так свянчуся... Ніяк не адвыкну... I ад душы зарагатаў.\\ А з ім разам, вядома, і хлопцы.\\ Нават і мама, што так даўно не смяялася.\\ Трэці, найбольшы цуд!\\ \\ 1943 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]]