~~META: title = Янка Брыль — Поп &keywords = добры, ішоў, вялікім, чалавек, гарадку, гадоў, крыжам, армянка, папа, пайшла &abstract = Чытаць апавяданне Янкі Брыля "Поп" &iftrue = True ~~ ====== Янка Брыль — Поп ====== \\ Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам і далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другім дзіцем была на пятым месяцы.\\ Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму і гаварыла ўсім, і ў дарозе, і тут, што яна – армянка. I далей не пайшла. Засталася ў той людcкай сям'і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.\\ За ўсіх яна старалася, усіх баялася, і так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы і беднасці.\\ Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.\\ Пойдзе на рэчку за гумнамі, пялёнкі памыць, стане над той палонкай і гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:\\ – Ма-ма-а!..\\ Цяпер, амаль праз сорак гадоў, успамінае пра тое і плача, а як жа было тады?..\\ Вясковая цемра, хоць і далёка не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?..\\ I тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, і ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.\\ Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы і некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно ка руку, другое за руку, пайшла.\\ Ужо вясна была, свяціла сонца і спявалі жаўранкі. Загаласіць хацелася, калі ніхто не ішоў насустрач, а з кожным сустрэчным віталася, нібы і весела:\\ – Добры дзянёк!\\ А то і пагаворыць, прыпыніўшыся…\\ – Дитя мое, ты по вере или безопасности ради?\\ Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.\\ I яна адказала яму прастадушна:\\ – Безопасности… батюшка…\\ – Умница, – сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі і смешны, нават агідны ў яе… зусім яшчэ недалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.\\ Ён ахрысціў яе дзяўчатак, і гэта дапамагло ёй адкрыта хавацца далей, пакуль не забралі ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла і стала жонкай.\\ Гадоў з дванаццаць пасля вайны, калі ўжо дзяўчат і сына пакідалі дома адных, наехала з мужам у той гарадок і ў тую вёску, дзе ратавалася.\\ У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята Спас, у царкве званілі, а па вуліцы ішоў і тут ужо нешматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні і з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў і ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку і песню святую нібы вядзе.\\ Яна стаяла з мужам на тратуары. Абое ўжо таксама пажылыя і святочныя. Яна глядзела і дзівілася, што гэта ж ён яшчэ – той самы, што «дитя мое»…\\ I ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая і не ў вялікім страху. Ён, парушаючы важнасць моманту і сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, і павітаўся:\\ – Здравствуйте!\\ – Добры дзянёк! – па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.\\ Таксама з усмешкай. Але ж і вымаючы з сумкі хустачку…\\ \\ 1981 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]]