~~META: title = Янка Брыль — Мы з ім сябры &keywords = дзядзя, міленькі, Лёва, раечка, сказаў, прыйдзе, тата, таварыш, скажа, дружыць &abstract = Чытаць апавяданне Янкі Брыля "Мы з ім сябры" &iftrue = True ~~ ====== Янка Брыль — Мы з ім сябры ====== У выхадныя дні – з дванаццаці да дзвюх гадзін – хворых дзяцей у бальніцы адведвалі родныя.\\ Леў Аркадзевіч Міленькі, па прафесіі няўлоўны гаспадарнік, а па натуры сангвінік з выдатным апетытам, прыйшоў у дзіцячае аддзяленне да пляменніцы Раечкі.\\ Яна ляжала на першым ад парога ложку, у паласатай фланелевай піжамцы, пастрыжаная пад хлопчыка, чорненькая, з жывымі карымі вачыма.\\ – Ну, дзень добры! – сказаў таварыш Міленькі, пагладзіўшы малую па галаве. – Ты адна ў палаце, а ўсе дзяўчаткі гуляюць? Ты думала, што як не можа прыйсці да цябе сёння мама, дык гэта ўжо і ўсё? А ты думала, што ў цябе ёсць яшчэ і дзядзя Лёва?\\ Пастрыжаная пад хлопчыка чатырохгадовая істота, прыўзняўшыся на локці, глядзела на госця моўчкі.\\ – А наогул дык твой дзядзя маладзец, – гаварыў ён на ўсю палату гучна і з качарыным сытым пасіпваннем. – Ён жыве ў Барысаве і думае, што гэта не семдзесят кіламетраў ад Мінска, а семсот і што ў яго няма службовай машыны, а толькі балагольскі конь і воз, як у твайго, Раечка, дзядулі, каторы – мой тата. I калі дзядзя Лёва ўбачыць сваю сястру і пляменніцу раз у год, дык ён лічыць, што ён харошы чалавек. I Раечка цяпер думае, што навошта ёй такі дзядзя... Ты думаеш так? Ты маўчыш і не кажаш, што ты думаеш. Ну, адкрыем, калі так, свой партфель і зноў будзем дружыць. Вось гэта мандарынкі. Калі іх можа цяпер дастаць кожны і вельмі лёгка, дык яны, вядома, вельмі нясмачныя. Ну, а тут паглядзі!..\\ Тут былі шакаладныя цукеркі ў розных паперках і каробка пячэння.\\ – Ну, ты будзеш дружыць з дзядзем Лёвам?\\ Карыя вочкі пахітрэлі. Галоўка кіўнула на згоду.\\ – I вельмі добра! – усцешыўся дзядзя. – Ты сядзь. Вось так. I еш. А я пасяджу. I мы пагаворым.\\ Белыя зубкі надкусілі сонечную лупіну, а пальчыкі спрытна ўзяліся здымаць яе, агаляючы церпка-салодкую, духмяную смакату.\\ – О, на здароўе! – шырока ўсміхнуўся румяны, поўны, чыста паголены дзядзя. – Еш і «Мишка на Север», і «Вясна», і «Ластачка», і пячэнне «Пясочнае»... Ну, а што ты маўчыш? Смачна?\\ – Угу, – пачулася з поўнага роціка.\\ – Ну, а дзякуй хто дзядзю Лёву скажа?\\ – Дзякуй.\\ – На здароўе. Расці вялікая і разумная. З дзядзем Лёвам можна дружыць? Хе-хе-хе!..\\ Ды тут з калідора прачыніліся дзверы, паказаўся жаночы твар, пачуўся голас:\\ – Таварыш Міленькі!\\ – Ну? – азірнуўся дзядзя Лёва.\\ – Калі мы з вамі чакалі на ліфт, вы казалі, што ідзяце да пляменніцы Раечкі.\\ – Ну, а калі вы паехалі ліфтам першыя, а я паехаў другі раз, дык я, прабачце мне, па-вашаму, маленькі, сам не траплю?\\ – Ой, таварыш Міленькі, пакіньце жартаваць! Гэта палата – сёмая, а Раечка сядзіць у шостай і плача...\\ Дзядзя Лёва закрыў свой рот, падціснуў губы і ўтаропіўся на тое, што сядзела ў ложку і спрытна распраўлялася з другой ці трэцяй мандарынкай. На коўдры перад ім, як на прыполе, былі рассыпаны цукеркі ў рознакаляровых паперках і ляжала раскрытая каробка пячэння.\\ – Слухай, ты! Ты – не Раечка?\\ – Не, дзядзя, я Юрка.\\ – Ну, а чаму ты ясі не твае мандарыны?\\ – Вы, дзядзя, мне далі. I я сказаў вам «дзякуй».\\ – Ты сказаў мне «дзякуй»? А што мне скажа Раечка?.. Яна мне скажа: ты, дзядзя, стары дурань!.. Гэта давай сюды. I гэта давай... А гэта... Ну, тваё шчасце!..\\ Таварыш Міленькі згроб сваёй вопытнай рукою ўсю раскошу ў гаспадарніцкі вынослівы партфель і, не сказаўшы больш ні слова, пайшоў з палаты.\\ Юрка астаўся зноў адзін. Ён з’еў апошнюю дольку мандарынкі і толькі хацеў засумаваць, што вось і не ідуць усё... Ды тут адчыніліся дзверы, і – урра! – увайшлі і мама, і тата, і Люда, і Аня!..\\ Першай навіною, якую ён ім расказаў, зноў жыва аплятаючы ўсякую смакату, быў, безумоўна, дзядзя Лёва. Ён і вясёлы, ён і добры, ён і Міленькі, ён і прыйдзе яшчэ раз!..\\ – Дудкі, браток! – смяяўся тата. – Двойчы так не памыляюцца. Твой дзядзя больш не прыйдзе.\\ Але сын быў упарты:\\ – Не, тата, прыйдзе. Мы з ім цяпер сябры! Ён сам сказаў: «Давай дружыць». Сам сказаў ды не прыйдзе?..\\ I верыў Юрачка доўга. Пакуль не паправіўся.\\ \\ 1960\\ \\ \\ Крыніца: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 1. Апавяданні 1937-1975. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 512 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]]