Асаблівае месца ў творчасці Янкі Брыля займае напісаная ў 1990 годзе «маленькая сага» «Муштук і папка» пра вялікую брылёўскую сям'ю і яе пакутлівыя шляхі ў віры гістарычных катаклізмаў XX стагоддзя. Незвычайная гісторыя стварэння гэтай спавядальна-аўтабіяграфічнай прозы. Пачалося ўсё з трагічнага і рэальнага факта. У канцы сакавіка 1989 года пісьменніку пазваніў украінскі карэспандэнт «Литературной газеты» і паведаміў навіну, ад якой той расплакаўся. Журналіст расказаў, што ў лесе Быкаўня пад Кіевам (адпаведнік нашых Курапат) падчас эксгумацыі на месцы масавых расстрэлаў па знойдзеных рэчах удалося ўстанавіць імёны чатырнаццаці бязвінна рэпрэсаваных ахвяр. Сярод іх і імя старэйшага брата Янкі Брыля — Валодзі. «На месцы захавання быў знойдзены муштук з надпісам: «Брыль В.А. 16.ІХ.1937 г.».
Такім незвычайным чынам праз «касцяны муштучок, які пад зямлёй, сярод астанкаў жахлівай брацкай магілы, праляжаў больш за палавіну стагоддзя'», пачала раскрывацца таямніца смерці роднага брата пісьменніка, а адначасова і мільёнаў іншых людзей, чыіхсьці братоў, бацькоў, сыноў, якіх бязлітасна знішчыла сталінская машына тэрору.
У аповесці «Муштук і папка», названай так па знойдзенаму муштуку і папцы з пратаколамі допытаў «брата № 17643», ярка выявілася здольнасць Янкі Брыля праз суб'ектыўна-асабісгае, індывідуальнае выходзіць на агульначалавечыя праблемы, «усенароднае адчуваць праз сваіх». Менавіта асабістая далучанасць да народнай трагедыі дазваляе пісьменніку глыбока і балюча ўсвядоміць яе сэнс, па-мастацку праўдзіва ўвасобіць у слова. «І ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, я намагаюся адчуць іх жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў», — пранікнёна і шчыра гаворыць Янка Брыль, стоячы над брацкай магілай бязвінна закатаваных сталінскіх ахвяр, у тым ліку амаль «напаўлегендарнага» свайго старэйшага брата Валодзі, з якім спалучаліся яго юнацкія спадзяванні і мары.
Гуманізм і чалавекалюбства Янкі Брыля — канкрэтныя, дзейсныя. «Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё і міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы іх на тым месцы», —падкрэслівае ён ў аповесці, прыгадваючы з успамінаў сваякоў, як крычала яго маленькая пляменніца, калі восенню трыццаць сёмага НКУС арыштоўваў брата:
— «Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!».
Маленькая дэталь, якая выяўляе бязмежную роспач бездапаможнага дзіцяці. Мільёны такіх дзяцей, як і Брылёву пляменніцу Валі, чакала наперадзе цяжкая сіроцкая доля і страшнае кляймо дачкі ці сына «ворага народа».
У гэтай аповесці Янкі Брыля ў іншым ракурсе паўстае не толькі трагічнае, але і гераічнае. «Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося, не так — гэта нялёгка…», — гаворыць пісьменнік, руйнуючы не толькі ўласныя ўяўленні пра «няскораны подзвіг», але і ўяўленні многіх пакаленняў чытачоў, узгадаваных на міфах пра «нязломны гераізм савецкага чалавека». Паказваючы, як страшэнныя фізічныя і маральныя катаванні змусілі Валодзю, які «гарачы быў і горды», прызнаць сябе вінаватым, падпісацца, што быў «польскім шпіёнам», Янка Брыль падкрэслівае крохкасць і каштоўнасць індывідуальнага чалавечага жыцця. Менавіта ў гэтым кірунку рухаецца сусветная літаратура на пераломе XX і XXI стагоддзяў, выкрываючы варварскую сутнасць антычалавечых сістэм, што ставяць чалавека ва ўмовы, якія руйнуюць яго людскую існасць. У такім выпадку нельга гаварыць пра паняцці гераізму ці здрады, а толькі пра антычалавечую, антыгуманную сутнасць таго ўкладу, які дапускае надобны здзек над асобай.
Прыватныя лёсы блізкіх Янкі Брыля — маці, братоў (агранома, святара, земляроба), пакутніц сясцёр, — адлюстраваныя праз прызму Першай і Другой сусветных войнаў, кашмар сталінскіх рэпрэсій і жыццёвых нягод пасляваеннай рэчаіснасці ў аповесці «Муштук і папка» сталі адбіткам трагедыі агульнанароднага жыцця, падкрэслілі трагізм існавання чалавека ўвогуле ва ўмовах сучаснай цывілізацыі. Твор Янкі Брыля, напісаны ў форме кароткіх нататак, разваг і асацыятыўных успамінаў часта дакументальна-дзённікавага характару, арганічна ўключаецца ў плынь сусветнага літаратурнага працэсу канца XX — пачатку XXI стагоддзяў (проза Мілана Кундэры, Германа Гесэ).