~~META: title = Янка Брыль — Муштук і папка. Аналіз аповесці &keywords = Брыль, муштук, папка &abstract = Кароткі змест і аналіз аповесці "Муштук і папка" Янкі Брыля &iftrue = nan ~~ ====== Янка Брыль — Муштук і папка. Аналіз аповесці ====== Асаблівае месца ў творчасці [[постаці/янка-брыль|Янкі Брыля]] займае напісаная ў 1990 годзе "маленькая [[слоўнік/сага|сага]]" "Муштук і папка" пра вялікую брылёўскую сям'ю і яе пакутлівыя шляхі ў віры гістарычных катаклізмаў XX стагоддзя. Незвычайная гісторыя стварэння гэтай спавядальна-аўтабіяграфічнай прозы. Пачалося ўсё з трагічнага і рэальнага факта. У канцы сакавіка 1989 года пісьменніку пазваніў украінскі карэспандэнт "Литературной газеты" і паведаміў навіну, ад якой той расплакаўся. Журналіст расказаў, што ў лесе Быкаўня пад Кіевам (адпаведнік нашых Курапат) падчас эксгумацыі на месцы масавых расстрэлаў па знойдзеных рэчах удалося ўстанавіць імёны чатырнаццаці бязвінна рэпрэсаваных ахвяр. Сярод іх і імя старэйшага брата Янкі Брыля — Валодзі. "На месцы захавання быў знойдзены муштук з надпісам: "Брыль В.А. 16.ІХ.1937 г.".\\ Такім незвычайным чынам праз "касцяны муштучок, які пад зямлёй, сярод астанкаў жахлівай брацкай магілы, праляжаў больш за палавіну стагоддзя'", пачала раскрывацца таямніца смерці роднага брата пісьменніка, а адначасова і мільёнаў іншых людзей, чыіхсьці братоў, бацькоў, сыноў, якіх бязлітасна знішчыла сталінская машына тэрору.\\ У аповесці "Муштук і папка", названай так па знойдзенаму муштуку і папцы з пратаколамі допытаў "брата № 17643", ярка выявілася здольнасць Янкі Брыля праз суб'ектыўна-асабісгае, індывідуальнае выходзіць на агульначалавечыя праблемы, "усенароднае адчуваць праз сваіх". Менавіта асабістая далучанасць да народнай трагедыі дазваляе пісьменніку глыбока і балюча ўсвядоміць яе сэнс, па-мастацку праўдзіва ўвасобіць у слова. "І ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, я намагаюся адчуць іх жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў", — пранікнёна і шчыра гаворыць Янка Брыль, стоячы над брацкай магілай бязвінна закатаваных сталінскіх ахвяр, у тым ліку амаль "напаўлегендарнага" свайго старэйшага брата Валодзі, з якім спалучаліся яго юнацкія спадзяванні і мары.\\ Гуманізм і чалавекалюбства Янкі Брыля — канкрэтныя, дзейсныя. "Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё і міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы іх на тым месцы", —падкрэслівае ён ў аповесці, прыгадваючы з успамінаў сваякоў, як крычала яго маленькая пляменніца, калі восенню трыццаць сёмага НКУС арыштоўваў брата:\\ — "Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!".\\ Маленькая дэталь, якая выяўляе бязмежную роспач бездапаможнага дзіцяці. Мільёны такіх дзяцей, як і Брылёву пляменніцу Валі, чакала наперадзе цяжкая сіроцкая доля і страшнае кляймо дачкі ці сына "ворага народа".\\ У гэтай аповесці Янкі Брыля ў іншым ракурсе паўстае не толькі трагічнае, але і гераічнае. "Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, "нічога не падпісаў", а потым уведаць, што адбылося, не так — гэта нялёгка...", — гаворыць пісьменнік, руйнуючы не толькі ўласныя ўяўленні пра "няскораны подзвіг", але і ўяўленні многіх пакаленняў чытачоў, узгадаваных на міфах пра "нязломны гераізм савецкага чалавека". Паказваючы, як страшэнныя фізічныя і маральныя катаванні змусілі Валодзю, які "гарачы быў і горды", прызнаць сябе вінаватым, падпісацца, што быў "польскім шпіёнам", Янка Брыль падкрэслівае крохкасць і каштоўнасць індывідуальнага чалавечага жыцця. Менавіта ў гэтым кірунку рухаецца сусветная літаратура на пераломе XX і XXI стагоддзяў, выкрываючы варварскую сутнасць антычалавечых сістэм, што ставяць чалавека ва ўмовы, якія руйнуюць яго людскую існасць. У такім выпадку нельга гаварыць пра паняцці гераізму ці здрады, а толькі пра антычалавечую, антыгуманную сутнасць таго ўкладу, які дапускае надобны здзек над асобай.\\ Прыватныя лёсы блізкіх Янкі Брыля — маці, братоў (агранома, святара, земляроба), пакутніц сясцёр, — адлюстраваныя праз прызму Першай і Другой сусветных войнаў, кашмар сталінскіх рэпрэсій і жыццёвых нягод пасляваеннай рэчаіснасці ў аповесці "Муштук і папка" сталі адбіткам трагедыі агульнанароднага жыцця, падкрэслілі трагізм існавання чалавека ўвогуле ва ўмовах сучаснай цывілізацыі. Твор Янкі Брыля, напісаны ў форме кароткіх нататак, разваг і асацыятыўных успамінаў часта дакументальна-дзённікавага характару, арганічна ўключаецца ў плынь сусветнага літаратурнага працэсу канца XX — пачатку XXI стагоддзяў (проза Мілана Кундэры, Германа Гесэ). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]]