~~META: title = Янка Брыль — Жыў-быў вожык &keywords = вожык &abstract = Чытаць апавяданне Янкі Брыля "Жыў-быў вожык" &iftrue = True ~~ ====== Янка Брыль — Жыў-быў вожык ====== Пачынаецца казачка так.\\ Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр...\\ Ды не той, пра якога хачу расказаць, а другі, зусім іншы — вялікі, стары.\\ А нашага Тупалу тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. I гэта не казка, а праўда.\\ Я быў тады яшчэ такі малы, што нават не хадзіў у школу.\\ Тупала быў таксама малы, круглы, як шэры клубок, і калючы.\\ Тата вярнуўся з лесу і сказаў:\\ — Ну, Лёнік, я прынёс табе яблыка.\\ Ад радасці я забыўся, што яшчэ вясна, што яблыкаў яшчэ няма, і ўсадзіў руку ў татаву кішэню.\\ — Ай! — ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы.\\ I хацеў ужо нават заплакаць, але тата мой засмяяўся.\\ — Дзівак-чалавек, укалоў ды злуецца! — сказаў ён.— Ды гэта ж лепей за яблыка, ты паглядзі!\\ I ён выняў з кішэні маленькі калючы клубок.\\ Спачатку вожык наш ніяк не называўся. Ён нават разгортвацца не хацеў: як палажылі яго ў кутку, пад маім ложкам, так і ляжаў. Не на голай падлозе, а на імху. Тата сцягнуў граблямі са страхі старога хлява тры купіны моху, паслаў у кутку — і выйшла пасцель.\\ Мох зялёны, пушысты і цёплы. А шэры клубочак ляжыць на ім і ніяк не хоча разгортвацца. Я наліў яму ў сподак малака і паставіў каля самага моху. А вожыку хоць бы што...\\ Тады я лёг побач з ім на падлозе і хацеў ляжаць, пакуль ён не разгорнецца.\\ На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.\\ — Дурненькі ты,— сказала мама.— Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.\\ I праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку пад ложкам нешта ціхенька заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:\\ «Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!..»\\ А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі.\\ — А што, не гаварыла я,— сказала мама.— Не палохайце яго, дык ён і малако пачне хлябтаць.\\ I праўда, мы памаўчалі, і неўзабаве пачулася, што нехта маленькі хлебча. Не так, як кот, а так, як парасяты, — плямкае.\\ — Ой, тата, я пагляджу!\\ Тата даў мне запалкі. Я ціхенька злез на падлогу, укленчыў, нагнуўся пад ложак і выняў з карабка запалку. Але як толькі яна чмыхнула і засвяціла, каля сподка я ўбачыў той самы калючы клубочак.\\ Ды ён ужо ляжаў не на імху, а на голай падлозе, і малака ў сподачку было менш, як раней...\\ Клубок тупацеў усю ноч, і за гэта мы пачалі называць яго Тупалам. А за тое, што ён хутка перастаў баяцца і не згортваўся больш, калі я пазіраў на яго, я ніколі не забываўся даваць яму есці.\\ Спачатку даваў толькі малако, а потым аднойчы разбіў яму на сподак яйцо. Тупала лішне не казырыўся,— панюхаў трохі і пачаў хлябтаць.\\ З нашым цюцікам Мурзам ён не хацеў сябраваць. Як толькі ўбачыць яго — у клубочак, і ўсё. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак, заматаў галавой і фыркнуў — не спадабалася. Тады ён прысеў, абняў клубочак лапамі і паспрабаваў яго ўкусіць. Але зноў укалоўся, ды гэтак балюча, што зазлаваў і пачаў уядацца, брахаць. Скакаў, скакаў вакол клубка, а потым яшчэ раз асмеліўся дакрануцца. Ударыў клубочак лапай, як кот па мячыку, заскуголіў, адбегся і лёг.\\ «Добрыя гулі,— хацеў ён сказаць,— я забаўляцца з табой хачу, а ты — нягодны, колешся».\\ Ды ён не сказаў гэтага, а толькі лізаў сваю лапу і скардзіўся, хныкаў.\\ Вусаты Фядот любіў грэцца на сонцы, калі яно свеціць у хату. Сядзе на падлозе, зажмурыцца і мурлыча. На Тупалу ён і глядзець не хацеў, не толькі што з ім гуляць. I нават калі клубочак разгарнуўся аднойчы, сам падышоў да ката і, наставіўшы лычок, панюхаў, наш Фядот толькі лыпнуў спрасонку вачыма, і ўсё. Сядзіць сабе, дрэмле, мурлыкае.\\ Няма з кім Тупалу пасябраваць.\\ I стала вожыку сумна.\\ У кухні нашай жыла квактуха з куранятамі. Спачатку яны былі маленькія, нібы камочкі жоўтага пуху, і ўсё пішчалі, дзёўбалі тварог і мітусіліся па земляной падлозе кухні, як сонечныя зайчыкі. А потым падраслі, квактуха пачала вадзіць іх на двор і толькі начаваць прыводзіла ў кухню. Сядзе пад лавай, затуліць іх крыламі, яны паціўкаюць трохі і спяць.\\ I вось Тупалу стала зайздросна. Уночы ён ціха залез пад квактуху, прымасціўся пад цёплым крылом і давай ад радасці варушыцца. Кураняты прачнуліся і заціўкалі. Квактуха хацела пашкадаваць іх, мацней прытулілася крыламі і раптам закрычала так моцна і так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнуліся.\\ Як толькі мама запаліла лямпу, квактуха ўсхапілася, сонныя кураняты з піскам рассыпаліся па кухні, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелі, застаўся шэры калючы клубок. Квактуха пазнала яго, узлавалася і дзюбнула — моцна, балюча.\\ — Ну, вось,— казала мама, выносячы Тупалу з кухні,— вось ты і зарабіў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык!\\ Каб жэўжыку было весялей, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў яго на падлозе. А ён ужо тупаў па хаце і ўдзень, не баяўся нікога. Падышоў да люстэрка, наставіў лычок, паглядзеў і надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны абодва разам зрабілі:\\ «Пых!»\\ Мы засмяяліся, тата і я, а вожык вельмі здзівіўся. Што такое?.. Паглядзеў, паглядзеў у люстэрка, асцярожненька дакрануўся чмысікам да шкла і як быццам усё зразумеў. Адышоўся і больш не глядзеў у люстэрка.\\ Тады тата сказаў мне:\\ — Лявон...\\ Заўсёды мяне называлі Лёнікам, але як толькі тата хацеў пагаварыць са мной, як з дарослым, ён гаварыў мне Лявон.\\ — Ведаеш што, Лявон,— сказаў ён тады,— давай выпусцім вожыка, га?\\ — А навошта? — здзівіўся я.\\ — Як навошта? Ён пойдзе да іншых вожыкаў.\\ — Ну і што?\\ — Як што? Зробіць сабе хатку дый будзе жыць. I яму будзе там вельмі добра і весела, не тое што ў нас. Што ты скажаш, Лявон?\\ — I панясем яго з табой у лес?\\ — Навошта ў лес? Пусцім у грады, а ён ужо сам куды захоча, туды і пойдзе.\\ I мы занеслі Тупалу ў агарод.\\ ...Кажуць, што ў той вечар я выйшаў на вуліцу і там, дзе стаялі мужчыны, сказаў:\\ — Добры вечар. Хочаце, я вам казку скажу?\\ — Ну скажы.\\ I я сказаў:\\ — Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр.\\ — Што, і ўсё?\\ — Ну, пэўна ж усё. У казцы. А нашага мы выпусцілі. Во!..\\ \\ 1949\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-колькі-ў-вожыка-калючак]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-казка-пра-смелага-вожыка]] * [[ibdc.ped>вожык]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-вожык-дзівачок]] * [[творы/алесь-бадак/алесь-бадак-гасцінец-для-вожыка]]