Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-брыль:увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл

Гэта старая версія дакумента!


Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды» быў сустрэты «дагматычна тупым або проста спекулятыўна крытычным» вэрхалам, шэптамі, «супраць якіх няма яшчэ процівагазаў», шэптамі, што нават лічацца, бывае, «патрыятычнымі сігналамі пра небяспеку». І ў гэтым выяўлялася, паводле прызнання аўтара, «нікому добраму не патрэбная бяда».
Некаторыя даволі ўплывовыя крытыкі, як сведчыць Генадзь Шупенька, сцвярджалі, што Янка Брыль, маўляў, «проста і хораша расказвае пра свайго героя і навакольнае», але раману шмат чаго не стае.
Дзе, маўляў, «агульная карціна»? A гістарычная канцэпцыя рамана? A логіка і выбар падзей? А месца героя ў іх? A суадносіны паміж галоўным і другарадным? Хіба можна такіх герояў, як Алесь Руневіч, лічыць моцнымі і тым больш гераічнымі асобамі?
І сапраўды, нічога гераічнага ў нямецкім палоне Алесь Руневіч нібыта і не зрабіў, адкрыта супраць фашысцкіх нелюдзяў не выступіў.
У. Калеснік слушна зазначае, што практычны чалавек часта разумее слова «барацьба» як знешнюю праяву фізічнай сілы, волі, адвагі. Многім не дадзена зразумець, што выжыць у бесчалавечных абставінах і застацца чалавекам, не стаць «смецюхом» — гэта і ёсць гераізм. Змаганне ідзе на нябачным фронце свядомасці, а поле бітвы — душа чалавека. Ідзе змаганне за сваю душу і душы сяброў. Духоўнае поле бітвы патрабуе не менш сілы, мужнасці, чалавечнасці і гераізму, чым партызанскі лес, дзе герой сеў на баявога каня і прыспешвае яго да сустрэчы з небяспекай.
Скразною тэмай рамана якраз і з'яўляецца барацьба на ўнутраным, духоўным фронце. Таму і называе мастак сваю кнігу «біяграфіяй душы», бо гэта сапраўды споведзь адной таленавітай і мудрай душы.
«Птушкі і гнёзды», бадай, самы біяграфічны твор у гісторыі беларускай літаратуры. У ім вельмі шмат укладзена ад асабіста перажытага яго аўтарам. Янка Брыль і не называе яго раманам, а «кнігаю адной маладосці», папярэджваючы чытача, што гэта твор «не пра самога сябе — не!», а «пра народ, пра наш час, дзе меў і маю сваё месца і я». І не толькі ва ўспамінах Алеся Руневіча, але менавіта ў «нямецкіх» раздзелах шмат псіхалагічнай глыбіні.
Заслуга Янкі Брыля найперш у тым, што ён моваю па-мастацку пераканальных вобразаў, як ніхто іншы да яго, здолеў паказаць, што «ўвесь свет — адзін дом», што цэлы народ не можа стаць фашыстоўскай зграяй, што няма кепскіх ці добрых народаў — ёсць людзі і нелюдзі ў кожнага народа. Усім сваім творам пісьменнік даводзіць, што нават у самых бесчалавечных абставінах людзі незалежна ад нацыянальнасці застаюцца людзьмі, а нелюдзі ператвараюцца ў пачвар.
Антыподаў Алесю Руневічу нямала ёсць не толькі сярод немцаў, але і сярод беларусаў, чыім жыццёвым прынцыпам стаў такі: «дзе мне добра — там і мае». А прынцып гэты (і тое пераканальна паказана ў рамане) апраўдвае ўсё, нават вырак радзімы, сям'і, родных дзяцей.
У рамане лірызм, паэтычнасць арганічна спалучаюцца з тонкім псіхалагізмам. Твор асэнсоўваецца як сапраўды інтэлектуальны лірыка-філасофскі раман — раман так званай «плыні свядомасці». Ён павышае нашу чытацкую культуру. Нельга не пагадзіцца з Генадзем Шупенькам, што «такое не ўсе мы яшчэ прывыклі чытаць». Прачытанне такога кшталту твораў патрабуе працы душы і розуму.
Раман «Птушкі і гнёзды», так характэрны для лірычнай прозы Янкі Брыля, як мала які іншы твор у нашай нацыянальнай літаратуры, патрабуе ад чытача сатворчасці з пісьменнікам, дазваляе пры ўдумлівым і ўважлівым прачытанні сягнуць за далягляды ўласнай душы, новым зместам напоўніць уласны жыццёвы вопыт.
Удумлівы чытач, спачуваючы Алесю Руневічу, усведамляючы матывы яго нястомнага лёту да роднага гнязда, усё ж не можа не пара-давацца таму, што Алесь Руневіч, наперакор неверагодным высілкам, так і не змог… вярнуцца на Радзіму яшчэ да вайны. У нас сёння няма нават сумневу ў тым, што і Янку Брылю, як і іншым заходнебеларускім хлопцам, проста пашчасціла да пачатку вайны не трапіць на Радзіму, дзе іх чакаў бы ў лепшым выпадку ГУЛАГ. І вось тады праблематычнай стала б самая галоўная і першая ўмова лёту на Радзіму — жыццё.
Удумлівага чытача не можа не засмучаць (а ўжо ўстрывожыць — абавязкова!) «эвалюцыя» душы Алеся Руневіча, засведчаная ў эпілогу.
Той, хто прагнуў вяртання ў роднае гняздо, каб бараніць яго ад фашызму, але вельмі баяўся сустрэчы на роднай зямлі з салдатам Шмітке, родным па духу чалавекам, баяўся сітуацыі, калі вымушаны будзе, не распазнаўшы роднага, забіць яго, — той Алесь Руневіч ужо без вагання прымае іншую філасофію: «Праўду, народную праўду кажа, па-свойму проста, Змітрук: «Тут — што ні немец, то гад». І я ў Германіі бачыў нямецкі народ — і нелюдзяў, і людзей. Тут мы бачым фашыста — захопніка, забойцу, рабаўніка…«
Аднак мы разумеем, што такая філасофія і такая «эвалюцыя» душы галоўнага героя — не фантазія і нават не суб'ектыўнасць пісьменніка. Гэта — праўда жыцця, праўда, якая і з'яўляецца абвінаваўцам самай жудаснай выявы ўсялякай вайны, яе трагедыі і вынішчальнай сутнасці.

Падобныя старонкі

  • сойка
  • янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць
  • янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-
  • янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-
  • птушкі-шчасця
творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki