~~META: title = Якуб Колас — Ясныя дні восені &keywords = осені, неба, ціха, лета, туману, ясныя, часам, ясна &abstract = Чытаць апавяданне Якуба Коласа "Ясныя дні восені" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Ясныя дні восені ====== Сярод гнілой восені выдаюцца часам ясныя, светлыя дні. Ціха ўсюды. Вецер не скалыхне ні адзін лісцік, ні адну травінку. Ласкавае неба пазірае на зямлю; нідзе ні хмурынкі. Ясна і хораша, усё роўна як вярнулася лета. Падарыла восень людзям яшчэ некалькі ясных, светлых і цёплых дзён.\\ Хоць усюды і ціха, цёпла і ясна, але ўжо не вее тым жыццём, якое відаць вясною. Куды ні кінь вокам, на ўсім бачыш след восені. Хмурны хваёвы лес чуць заслаўся сінім дымком туману... А бярозы, асіны і дубы чырванеюць здалёк сваім лісцем і напамінаюць сабою аб восені. На ўсім ляжыць сіняваты слой смугі не то дыму, не то туману.\\ А прыслухаешся – такая цішыня навокал!.. Толькі часам закрычаць у небе дзікія гусі, ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба. Крык іх заціхае памалку і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня.\\ Плаўна носіцца ў паветры белая павуціна, сцелецца па зямлі, чапляецца за кусты і сухую траву. Прайшло цёплае лета. Апошнія вы, ясныя дзянькі восені!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]