~~META: title = Якуб Колас — Юрка і кот &keywords = сыр, юрка, мама, каток, сала, кут, коцік, есць, матка &abstract = Верш Якуба Коласа "Юрка і кот" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Юрка і кот ====== Юрка рана прабудзіўся.\\ – Есці дайце мне! – крычыць:\\ Я ляжаў і зверадзіўся,\\ Нездароў я – ўсё баліць.\\ Матка хлеба адламала.\\ – На, сынок, крыху пажуй.\\ – Колькі ты дала мне? мала!\\ – Еш, сыночак, не сярдуй,\\ Сердаваць няможна: брыдка,\\ Ты ж вялікі ўжо хлапец:\\ Паглядзі, якая лытка,\\ Расцягнуўся, як касец.\\ – Ты мне сыру дай ці сала!\\ – Бач, які ты ласунок!\\ Сала, ведаеш, патала,\\ Сыр увесь паеў каток.\\ Юрка тут узбунтаваўся.\\ Б’е нагамі у сяннік,\\ На ўсю хату раскрычаўся,\\ Маме высунуў язык.\\ – Ах, распуснік! ці ж то можна\\ Гэтак маму зневажаць?\\ Матка злёгка, асцярожна\\ Стала Юрку прабіраць.\\ – Гэта, мама, я жартую.\\ Больш не буду, мама, не!\\ І табе я ўсё дарую,\\ А ты сыру ўсё ж дай мне!\\ Як тут з ім не пагадзіцца?\\ Ну, як хлопцу адказаць?\\ – Што ж? даволі нам сварыцца:\\ Трэба сыру Юрку даць.\\ Юрка есць і разважае,\\ Да яго прыбег каток\\ І на Юрку паглядае:\\ Дай і мне, моў, хоць драбок!\\ Але Юрка не ахвочы\\ Катка сырам частаваць.\\ – Ты чаго уставіў вочы?\\ Вон пайшоў мышэй ганяць!\\ Хітры коцік ўсё ж падкраўся\\ Ды з-за коўдры ўсё глядзіць,\\ І чуць Юрка зазяваўся –\\ Цоп за сыр! і ў кут бяжыць.\\ Юрка плача і сярдуе,\\ Хоча біць насмерць ката.\\ Коцік есць і ў вус не дуе,\\ Не вылазячы з кута.\\ Потым спінку выгінае,\\ Хвосцік трубкаю задраў –\\ І казанне пачынае,\\ Як ён Юрку ашукаў.\\ \\ [1921]\\ \\ \\ Крыніца: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911-1938 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сучасная-казка-пра-бясстрашнае-кацяня]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-бабка-і-кот]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-коцік]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-коцік]] * [[творы/янка-журба/янка-журба-коцік]]