~~META: title = Якуб Колас — Школа &keywords = вучыцца, бацька, брат, падумаў, школа, настаўнік, міхась &abstract = Урывак з апавядання Якуба Коласа "Школа" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Школа ====== //Урывак з апавядання//\\ \\ Прыйшла восень. Асыпалася лісце з дрэў. Агалілася зямля. Птушкі разляцеліся. Насталі кароткія, туманныя восеньскія дні.\\ У нядзельку Міхасёў бацька прыйшоў з царквы і сказаў: «Заўтра пачынаецца вучэнне. Пара і нашаму Міхасю вучыцца. Годзе, брат, табе бібікі біць і ганяць сабак па вуліцы. Пара і за навуку!»\\ Апошнія словы бацька сказаў да Міхася.\\ Задрыжалі ўсе жылкі ў Міхася. Многа розных думак пранеслася ў яго галаве.\\ «Што ж? – падумаў ён сам сабе. – Вучыцца – дык вучыцца!»\\ Яму даўно хацелася ў школу. Толькі баяўся ён вучыцца.\\ – Тата! Ці б’ецца настаўнік? – спытаў Міхась бацьку.\\ – Як будзеш дурэць у школе, не будзеш слухаць настаўніка, будзеш ленавацца вучыцца, то і будзе сердаваць. Ды і я сам не пахвалю цябе за гэта.\\ «Ну не, брат, гэтага не будзе! – падумаў Міхась. – Дурэць-то я не буду. А вось старацца дык буду». ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>дарога-ў-школу]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-хто-вас-у-школу-сабі]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-урок]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-пайшлі-ад-нас-канікулы]] * [[ibdc.ped>вясковы-асветнік]]