~~META: title = Якуб Колас — Старыя дубы &keywords = вітаю, дубы, зноў, вашы &abstract = Чытаць верш Якуба Коласа "Старыя дубы" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Старыя дубы ====== Зноў я бачу, зноў вітаю, Як паноў вяльможных, Па-над Нёманам у гаю Гурт дубоў разложных. \\ Сам не ведаю, чым мілы, Чым вы сэрцу любы, Выхаванцы веку, сілы, Магутныя дубы. \\ Чымся мілым, чымся родным Ад вас павявае, Аж мне сэрца ў спеў лагодны Штосьці ахінае. \\ Узварухнуцца думкі-песні, Як вашы лісцінкі, І зноў станеш напрадвесні Жыццёвай пуцінкі. \\ Цешуся я, пазіраю На вас, вежы-дрэвы, Цьмяна сэрцам прачуваю Вашы думкі-спевы. \\ Але шум я не той чую – І вы парадзелі, І вы не ўсе буру злую Знеслі і здалелі. \\ Ой, асілкі ў ціхім гаю, Дубы векавыя! Я вітаю вас, вітаю, Волаты любыя! \\ 1912 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]