~~META: title = Якуб Колас — Рыбакі &keywords = алесь, кручок, хлопец, нагу, андрэй, дзядзька, рыба, матка, браток &abstract = Апавяданне Якуба Коласа "Рыбакі" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Рыбакі ====== Прыгнаўшы з раніцы каровак, Алесь і Андрэй сказалі сваёй маме, што яны пойдуць вудзіць рыбу.\\ – Лепш бы вы, дзеці, крыху адпачылі, – сказала ім матка, – ды і колькі вы наловіце той рыбы? Натрэплеце толькі ногі…\\ Але хлопцы крэпка стаялі на сваім і не бралі пад увагу ніякіх довадаў.\\ – Ну, глядзіце, – мусіла ўступіць ім матка.\\ Хлопцы хутка сабраліся ў рыбу. Першым чынам накапалі яны паўбляшанкі чырвоных чарвякоў. Пабралі вуды, узялі торбачку і не пайшлі, а пабеглі.\\ Каб дайсці да Нёмана, ім трэба было прайсці з вярсту лесам. Весела ішлі хлопцы дарогаю паміж высокіх хвой і ялін. Неба было яснае, сонца свяціла ярка. Але ў лесе не чулася той гарачыні, якая стаяла ў гэты дзень. Побач дарогі крычалі птушкі. У небе, дзесь высока-высока, кідаў каршун свае тужлівыя зыкі.\\ У размовах хлопцы прайшлі яшчэ з паўвярсты.\\ – А-я-яй! – дзіка і прарэзліва крыкнуў Алесь і ўпаў на дол, схапіўшыся за нагу.\\ Андрэй з неспадзеўкі пабялеў як палатно.\\ – Чаго ты, Алесь?\\ Алесь сядзеў на дарозе і трымаўся за нагу. Твар яго скрывіўся ў такую міну, у якой адбіваўся пякучы боль.\\ – Што з табою, братка?\\ – Кручок у нагу залез, – сказаў скрозь слёзы Алесь.\\ І праўда: у левай назе між другім і вялікім пальцамі глыбока засеў кручок. Алесь не заўважыў, як гэты кручок выскачыў з вудзільна. Звярнуў на гэта ўвагу толькі тады, калі кручок глыбока залез у нагу.\\ – Братка ж ты мой родненькі! – загаласіў Андрэй. – Што ж цяпер нам рабіць?\\ З вачэй Алеся таксама ліліся слёзы, а з таго месца, дзе сядзеў кручок, сачылася кроў.\\ – А ты папрабуй памаленьку дастаць, – сказаў, крыху заспакоіўшыся, Андрэй.\\ Алесь крануў кручок і завойкаў.\\ – Не, братка, нічога не будзе.\\ – Дык што ж нам рабіць? Божа ж наш, божачка! І нашто было нам выдумляць гэтае вуджанне?\\ – Можа, як пойдзем дадому?\\ Алесь памаленьку падняўся і, моцна кульгаючы, ступіў колькі крокаў. Ісці было вельмі кепска. Цяпер замінала гэта праклятая вуда, якую трэба было трымаць у руках.\\ Нарэшце хлопцы дагадаліся адарваць ссучаную валасню. Цяпер Алесю было ісці крыху лепей, і ён ступаў смялей. Але колькі разоў ён мусіў прыпыняцца і прабаваць шчасця – а мо дастане як-небудзь з нагі кручок? Ён браўся павольненька за гэты кручок, але не хапала ў яго смеласці паварушыць мацней.\\ З заплаканымі вачыма прыйшлі хлопцы ў хату.\\ – Што ж гэта вы так хутка? – спытала іх маці.\\ Алесь расказаў пра сваё гора і паказаў нагу.\\ Матка выбегла з хаты і клікнула дзядзьку Антося.\\ Дзядзька Антось – сталы рыбак, і па часці вымання кручкоў ён быў сапраўдны мастак.\\ А бедны Алесь дрыжаў ад страху, бо бацька сказаў, што прыйдзецца нагу рэзаць брытваю.\\ – Можа, прыйдзецца і брытву ўзяць, – паглядзеўшы на нагу, сказаў і дзядзька. – Ну, пакажы!\\ Алесь сеў і заплюшчыў вочы, скрывіўся, гатовы крычаць ад болю.\\ Павольненька ўзяў дзядзька кручок.\\ Алесь толькі ўспеў крыкнуць, як кручок ужо быў у дзядзькі ў руках.\\ Дзядзька гучна зарагатаў.\\ – Ах вы, рыбакі! Рыбакі!\\ Весела засмяяліся і хлопцы: яны былі рады, што так лёгка абышлося ім гэта здарэнне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/яўген-крупенька/яўген-крупенька-на-рыбалку-кот-прыйшоў]] * [[ibdc.ped>на-рыбалцы]]