творы:якуб-колас:якуб-колас-песні-зімы
Гэта старая версія дакумента!
Якуб Колас — Песні зімы
Люблю я зімы з маразамі,
Завеі белыя ў палях,
I снегу скрып пад палазамі,
I ціш зімовую ў лясах.
Люблю я ветру спеў гаротны
Ў сялянскіх комінах пустых,
На полі белыя палотны –
Абрусы хмарак снегавых,
Што засцілаюць лугавіны
I далі ціхія палёў.
Мне любы елкі і хваіны
Пад белай посцілкай снягоў.
У гэтых з’явішчах свабодных,
У тых малюнках халадоў
Так многа песень, сэрцу родных,
Адбіткаў мілых мне гадоў.
Падобныя старонкі
- вясельныя-песні
- валачобныя-песні
- песня
- восеньскія-песні
творы/якуб-колас/якуб-колас-песні-зімы.1755963915.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin