~~META: title = Якуб Колас — Пастух і авечкі &keywords = авец, падпаскі, пастух, волю, авечкі, бараны, стада, паркан, ягняткі &abstract = Чытаць байку Якуба Коласа "Пастух і авечкі" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Пастух і авечкі ====== У пастуха было у стадзе\\ Больш за тысячу авец,\\ I трымаў ён іх ў аградзе,\\ Дзе рос адзін мох і сівец.\\ \\ Авечкі часта галадалі,\\ Ягняткі дохлі маладыя.\\ Трыбухатыя, худыя\\ Авечкі ногі чуць цягалі.\\ \\ А за парканам раслі травы,\\ Ішлі палі падрад у лавы,\\ Гай зялёны, лес чарнявы,\\ Рос і хвойнік маладнявы.\\ \\ Авечкі ў дзіркі пазіралі\\ I слінкі, бедныя, глыталі.\\ Жыць далей так не стала сілы –\\ Трыбух сцягнула ім і жылы.\\ \\ I што ж рабіць было ўжо стаду.\\ Вось бараны прыйшлі на раду.\\ \\ Пабляялі тры гадзіны,\\ Трохі змялі сабе спіны\\ (Аж да бойкі тут дайшло).\\ А назаўтра, ўстаўшы рана,\\ Да свайго пайшлі Сцяпана\\ (Дзесяць штук усіх пайшло).\\ Сам пастух сядзеў у хаце,\\ Стрыг авечак, скуру дзёр,\\ Ды гуляў каля азёр,\\ I качаўся ў сенажаці.\\ Выйшаў ўперад, пакланіўся\\ Пастуху стары баран\\ I сказаў: «Вяльможны пан!\\ Ці на нас ты прагнявіўся,\\ Ці за што ты нас караеш,\\ Што ў загон нас заганяеш.\\ Б'юць падпаскі нас няшчадна,\\ Нас сабакамі шкуюць,\\ Дарма воўну нашу рвуць...»\\ Гаварыў ён доўга, складна,\\ Пастух слухаў усё да слова:\\ – Зробім, – кажа, – ўсё нанова:\\ Волю дам вам, небажаткі;\\ Будуць цешыцца ягняткі,\\ Вас не будуць болей біць,\\ Будзе што вам есці, піць...\\ Забляяла усё стада,\\ Скача з радасці грамада...\\ К пастуху прыйшлі падпаскі,\\ Сталі радзіцца яны,\\ Каб не страціць ў стадзе ласкі,\\ Каб маўчалі бараны.\\ Што ж, пусціць авец на волю?\\ Больш работы будзе ім:\\ Авец трудна пасвіць ў полі,\\ Як заманіш іх і чым?\\ Покі там яны судзілі,\\ Злосць напала на авец,\\ Бараны паркан пабілі,\\ Бачаць – кепскі тут канец.\\ Бягуць падпаскі, пастух з імі:\\ – Стойце, стойце! Усё дамо.\\ Скінем цяжкае ярмо.\\ – Эй, падпаскі! жэрдзе вымі!\\ Як пачула стада волю,\\ Дык давай гуляць па полю –\\ Па аўсе ды па ячмені.\\ Сціснуў палку пастух у жмені:\\ – Мы ж далі ім, што хацелі,\\ На зямлі ляжыць паркан,\\ А яны авёс паелі!\\ Кліч сабак сюды, Іван!\\ \\ Як вам, хлопчыкі, здаецца:\\ Як я ў кадзь вады налью,\\ Клёпкі вон падастаю,\\ Дык вада ці астанецца?\\ \\ 1905 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-пастух]]