~~META: title = Якуб Колас — На рэчцы зімою &keywords = колас, рэчка, зіма &abstract = Чытаць верш Якуба Коласа "На рэчцы зімою" "Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому..." &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — На рэчцы зімою ====== Не сядзіцца ў хаце\\ Хлопчыку малому:\\ Кліча яго рэчка,\\ Цягнуць санкі з дому...\\ \\ Хочацца Алесю\\ Выйсці на двор з хаты,\\ Узяць з сабой сякерку\\ Ды ў той лес кашлаты,\\ \\ Стукнуць па дзярвяках\\ З-за пляча абухам\\ I глядзець, як сыпне\\ Снег халодным пухам,\\ \\ Як стаяць над рэчкай\\ Хвоі і яліны,\\ Як ім снег халодны\\ Нахіліў галіны.\\ \\ — Мамачка-галубка! —\\ Просіць ён так міла, —\\ Можа б ты на рэчку\\ Пагуляць пусціла?\\ \\ Я не буду доўга,\\ Зараз жа вярнуся,\\ Трошачкі на рэчцы\\ Ў санках паважуся.\\ \\ — Ну, ідзі пабегай,\\ Толькі апраніся\\ Ды, глядзі, ў палонку,\\ Сынку, не ўваліся.\\ \\ Радасць і раздолле\\ Хлопчыку малому,\\ I не пазайздросціць\\ Ён цяпер нікому!\\ \\ На плячо — сякерку,\\ Саначкі — у руку,\\ Хлеба ўзяў кусочак.\\ — Цюцік! — свіснуў Жуку.\\ \\ Пад скарынкай лёду\\ Тут жа, каля хаты,\\ Працякала рэчка\\ Скрозь лясныя шаты.\\ \\ Побач тэй рачулкі\\ Кучы буралому,\\ I застыла рэчка\\ Мёртва, нерухома.\\ \\ Моцна яе грудзі\\ Маразамі скуты,\\ I аковы лёду\\ Сярод рэчкі ўздуты.\\ \\ Ціснецца вадзіца,\\ Не знаходзіць ходу\\ I не мае сілы\\ Скінуць глызы лёду.\\ \\ На рачулцы ў лесе\\ Меў Алесь забаву.\\ Ну ж і пацяшаўся\\ Хлопчык тут на славу!\\ \\ — Эх ты, лёд-гвалтоўнік!\\ Што ты вытвараеш?\\ Ты нашто вадзіцу\\ Крыўдзіш і ўшчуваеш?\\ \\ Бедненькай, ёй цёмна,\\ Цесна пад табою.\\ Хай жа пагамоніць,\\ Мілая, са мною!\\ \\ Дам ёй ход, галубцы,\\ Каб на свет зірнула!—\\ I яго сякерка\\ Спрытна секанула.\\ \\ Звякае тапорык,\\ Глуха стук нясецца.\\ Раптам клуб вадзіцы\\ З-пада дна ўзаўецца.\\ \\ Коціць поўзверх лёду,\\ Іней падымае\\ Ды такую ж казку,\\ Байку хлопцу бае!\\ \\ Слухае хлапчынка\\ Гэты сказ нязнаны,\\ Спеў, нікім ад веку\\ Ў лесе не чуваны.\\ \\ То яму здаецца\\ Дудак хор далёкі,\\ То птушыны ў небе\\ Голас адзінокі.\\ \\ На душы так ціха,\\ Ціха і нейк млосна,\\ I спявае ў сэрцы\\ Спеў той сугалосна.\\ \\ Гэты спеў дзівосны\\ Чары навявае\\ I такія казкі\\ Слаўныя складае!\\ \\ I ад гэтай песні\\ Вее дабратою,\\ Радасцю і шчасцем,\\ Мілаю вясною.\\ \\ Ад тэй песні-казкі\\ Трудна адарвацца,\\ I ёй струны сэрца\\ Хочуць адклікацца ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-шарпілаўка-цячэ-ў-жыц]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-пачатак]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-каля-рэчкі]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-рэчка-рэчанька-мая]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-жыла-была-рака]]