~~META: title = Якуб Колас — Леў і воўк &keywords = леў, воўка, конь, сілу, кажа, зямлю, льва, каменя, каня, воўк, свеце &abstract = Чытаць казку Якуба Коласа "Леў і воўк" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Леў і воўк ====== Хадзіў па лузе конь. З лесу выйшаў леў.\\ – Я цар над усімі звярмі. Няма на свеце такога звера, каб не баяўся мяне, – кажа леў.\\ – Я не веру, што ты самы дужшы звер на свеце, адказвае конь: праўда, ты маеш сілу, але ёсць звяры яшчэ дужшыя.\\ – Дык ты не верыш?! Я пакажу табе сілу! – крыкнуў леў, наліўшы крывёю вочы. – Ці не хочаш ты паспрабаваць маю сілу?\\ – Не крычы, леў, і не страш мяне. А сілы чаму не спрабаваць? Можаш ты так стукнуць нагою па камені, каб агонь з яго пасыпаўся?\\ – А ты, ласьне, выбіваеш іскры с каменя нагамі?\\ – А вось, глядзі!\\ Падвёў конь льва пад камень. У каня на нагах былі сталёвыя падковы. Стукнуў конь капытом, цэлая куча іскраў пасыпалася з каменя.\\ Страх апанаваў льва; бягом у лес!\\ Убачыўшы воўка, кажа яму леў пра каня, пра яго сілу.\\ – I ты яго збаяўся? Эх, а яшчэ царом нашым завешся! Пакажы мне толькі яго: у дзве мінуты капут яму.\\ Леў узяў воўка у пярэднія лапы, сам стаў на заднія.\\ – Пазірай!\\ Льву здавалася, што ён памаленьку дзяржаў воўка, а ў таго трэснулі косці і дух выскачыў вон.\\ – Ну, што, бачыш?\\ – Нічога не бачу, – кажа воўк.\\ – Што ж ты маўчыш?\\ Апусціў леў воўка на зямлю, бачыць – воўк не дыхае.\\ – Эх, ты! Толькі хвалішся. Глянуў і то самлеў, – і кінуў ён нежывога воўка на зямлю.\\ \\ \\ Крыніца: Другое чытанне для дзяцей беларусаў / напісаў Якуб Колас; пераглядзеў і прадмову прыпісаў Л. Сеўрук. – Пецярбурх [Пецярбург]: выдалі суполкі: "Загляне сонца і ў наша аконца" і "Наша хата", 1909 (вокладка 1910). – 110 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-захварэў-аднойчы-леў]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-конь-і-леў]] * [[творы/яўген-крупенька/яўген-крупенька-леў]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]]