Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:якуб-колас:якуб-колас-летам

Гэта старая версія дакумента!


Якуб Колас — Летам

Ну ж і волі, волі
У гаі за вёскай!
А цяплынь, цяплынь!
Весела на полі,
Слаўна пад бярозкай,
Хоць ты сядзь-спачынь.

Палюбуйся толькі:
Травы, што не збрысці,
Кветак – не злічыць!
Гойдаюцца голькі,
А на гольках лісце
Сонцамі блішчыць.


Пчолкі, матылёчкі,
Як сняжынкі тыя,
Мільгацяць вакол.
Жоўтыя пясочкі –
Крупкі залатыя,
Хоць бяры ў прыпол!

Ды хіба ты ўседзіш
У такой раскошы,
Сярод кветак, траў?
Што там згледзеў Федзя?
Што знайшоў Цімоша
І Дружка пазваў?

І ўсе яны трое
Збіліся маўкліва
Шчыльненька ў гурток.
«Ну, што там такое?
Ну, што там за дзіва?» –
Думае Дружок.

Нават Коля з сеткай
Стаў, нібы на варту,
І глядзіць на іх.
А лявей над кветкай
Прысядае Марта,
Шчаслівей за ўсіх.

Між двух дрэў сястрычка
Браціка за ручку
З кошыкам вядзе.
Мусіць, у сунічкі,
Унь у тыя лучкі,
Брат з сястрой ідзе.

Добра Янку ў гаі,
Люба на паходзе
Пагуляць з кашом.
Толькі вось не знаю,
Куды то Валодзя
Рушыў з малышом.

А малыш на плечы
Сеў, ды так забаўна,
І глядзіць арлом.
Добры дзень і вечар
Нашым дзецям слаўным –
Цешцеся жыццём!

27/V 1939

Падобныя старонкі

  • максім-багдановіч/максім-багдановіч-плакала-лета-зямлю-пак
  • шчаслівая-ўсмешка-лета
  • сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-лета
  • якуб-колас/якуб-колас-лета
  • летам-у-бары
творы/якуб-колас/якуб-колас-летам.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki