~~META: title = Якуб Колас — Краска &keywords = тварыку, дзень, вясёлы, легла, краска, стварэнне, мілае, задуменне, вецярок, хацеў &abstract = Чытаць верш Якуба Коласа "Краска" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Краска ====== Краска, мілая мая,\\ Госця веснавая!\\ Як ты хораша цвіцеш\\ У глушы, любая!\\ \\ З ціхім усмехам з табой\\ Вецярок жартуе,\\ I цябе ў вясёлы дзень\\ Сонейка цалуе.\\ \\ Што ж на тварыку тваім\\ Легла задуменне?\\ Што нявесела глядзіш,\\ Мілае стварэнне?\\ \\ I не радуе цябе\\ Дзень вясёлы мая,\\ Голас радасны вясны,\\ Песня маладая?\\ \\ Я хацеў бы адгадаць\\ Дум тваіх гаворку,\\ Я б хацеў развесяліць\\ Краску, маю зорку.\\ \\ Што гаруеш ты аб тым,\\ Што і ты без волі,\\ Што краса ўся адцвіце\\ Без пары і долі?\\ \\ Ці па тым, што вецярок\\ Разлучыў з лугамі,\\ Дзе б ты гутарыць магла\\ З пчолкамі, з чмялямі?\\ \\ Я любуюся табой,\\ I мне смутна стане,\\ Што ў астрозе хараство\\ Усё тваё завяне.\\ \\ Што адна ты адцвіцеш\\ Век свой сіратою, –\\ А багата ж адарыў\\ Май цябе красою!\\ \\ Краска, красачка мая,\\ Мілае стварэнне!\\ Што ж на тварыку тваім\\ Легла задуменне? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]]