~~META: title = Якуб Колас — Каля пасады лесніковай... &keywords = лес, хвоямі &abstract = Урывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» "Каля пасады лесніковай..." &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Каля пасады лесніковай... ====== //Урывак з паэмы «Новая зямля»//\\ \\ Каля пасады лесніковай\\ Цягнуўся гожаю падковай\\ Стары, высокі лес цяністы.\\ Тут верх асіны круглалісты\\ Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,\\ А елкі хмурымі крыжамі\\ Высока ў небе выдзялялісь,\\ Таемна з хвоямі шапталісь.\\ Заўсёды смутныя, бы ўдовы,\\ Яны найбольш адны стаялі,\\ І так маркотна пазіралі\\ Іх задуменныя галовы!\\ Лес наступаў і расступаўся,\\ Лужком зялёным разрываўся;\\ А дзе прыгожыя загібы\\ Так міла йшлі каля сядзібы,\\ Што проста імі б любаваўся.\\ А знізу гэты лес кашлаты\\ Меў зелянюсенькія шаты\\ Лазы, чаромхі ці крушыны,\\ Алешын ліпкіх, верабіны.\\ Глядзіш, бывала, і здаецца,\\ Што скрозь сцяну галін жывую,\\ Скрозь гэту тканку маладую\\ Ні мыш, ні пташка не праб'ецца.\\ Цякла тут з лесу невялічка,\\ Травой заросшая крынічка,\\ Абодва берагі каторай\\ Лазняк, ракітнік абступалі;\\ Бруіліся ў цяньку іх хвалі\\ І ў луг чуць значнаю разорай\\ Ішлі спакойна між чаротаў,\\ Рабілі многа заваротаў,\\ Аж покі ў Нёман не ўцякалі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]