~~META: title = Якуб Колас — Калядны вечар &keywords = хаце, квас, дзядзька, андрэй, рыба, печы, вечар, тарас, работа, вечара, тарасавы &abstract = Апавяданне Якуба Коласа "Калядны вечар" (скарочана) &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Калядны вечар ====== //Скарочана// Здаецца, сам свет гатовіўся як можна лепш сустрэць калядны вечар.\\ Было ціха. Над белай зямлёй звіслі бясформенныя сівыя хмары. Лес перастаў хістацца. Маўчаў, закрыўшыся белым інеем, усё роўна як узлажыў к святу чыстую кашулю. А стройныя елкі падымалі свае галовы высока над другімі дрэвамі. Іх вяршыні вырысоўваліся ў небе як крыжыкі, як вежы цэркваў.\\ %%**%%* Ляснік Тарас з сям’ёй жыў каля самага лесу, што цягнуўся, як падкова, роўным паўкругам. Тут жа, каля хаты, цякла рэчка-крыніца. Толькі самыя траскучыя маразы засцілалі яе пялёнкаю лёду.\\ Цяпер у Тарасавай хаце кіпела работа, – гатовіліся да свята, да каляднага вечара. Таго вечара, якога так нецярпліва чакаюць дзеці. І які так многа прыносіць радаснага ў шэрае жыццё простага чалавека.\\ Два дарослыя Тарасавы сыны ўходжваліся на дварэ. Яны рыхтавалі каровам корм, секлі і пілавалі дровы. А іх дзядзька, Андрэй, залажыўшы сякерку за пояс, пайшоў трэсці свае кошыкі, якія ставіў на рыбу. Андрэй быў заўзяты рыбак.\\ А самая важная работа ішла ў хаце. Сягоння жонка Тараса, Кася, раней запаліла ў печы. Белаваты дымок роўна падымаўся ўгару і расплываўся высока ў ціхім марозным паветры. Каля печы стаяў ужо заслон, накрыты чыстым настольнікам. На адным яго канцы ўжо стаяла цеста. Скавароды весела брынчалі па прыпеку. І мяккія гарачыя аладкі кідаліся, як ігрушы, спрытнаю рукою Касі. Уся лава проці печы была застаўлена міскамі, гарнушкамі, гаршкамі з усякімі прыпасамі для вячэры. Будзе многа страў і з мяса, і з рыбы. Будзе і квас, за квасам ягады, аладачкі на салодкай вадзе, за імі кісель, за кісялём пірог, а там і куцця. Хоць пасля гэтага і не хочацца куцці, але закон дзедаўскі вымагае, каб хоць лыжку, а з’есці.\\ Пачынала змяркацца.\\ Харошанькую, зялёную, купчастую елачку паставілі каля стала.\\ – А ёй тут добранька: цёпла! – гаварыў дзядзька Андрэй і заліваўся вясёлым смехам.\\ У покуце на сене, пакрытым святочным абрусам, ужо важна стаяў гаршчок з куццёю.\\ Мужчыны ўхадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Дзядзька засеў галіцца. Малыя даўно памыліся, прыбраліся і гатовы былі сесці за стол.\\ У хаце было ціха. Усе стараліся трымаць сябе як можна прыстойней. Нават малы Міхаська трымаўся, як сталы чалавек.\\ Два самыя меншыя Тарасавы сыны, Пятрусь і Міхась, у цёмным кутку вялі сваю дзіцячую гутарку. Спачатку гутарылі пра вячэру. Пятрусь павучаў малога:\\ – Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, – асцерагаў ён, – бо будзе многа страў. Мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Я вось летась падашукаўся. Наеўся адразу верашчакі. Потым даюць квас, ды такі смачны. Я – за квас. Далей смажаная рыба… А я ўжо так наеўся, што іншых калядных страў не змог пакаштаваць.\\ – А заўтра мы будзем шукаць на стале зярняты?\\ – А як жа? І якіх зярнят больш будзе, тое збожжа налета лепш уродзіцца. Калі многа жыта – уродзіцца жыта, многа ячменю – будзе ячмень, аўса – авёс.\\ Невялічкая лямпачка, вісячы над сталом, надавала хаце нешта незвычайнае і новае.\\ Вясёлы вечар! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]]