~~META: title = Якуб Колас — Казкі жыцця &keywords = Колас, казка, казкі &abstract = "Казкі жыцця" Якуба Коласа. Ідэйны сэнс алегорый у казках &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Казкі жыцця ====== Пытанні нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры, самога вызваленчага руху захаплялі Коласа не ў меншай меры, чым іншых пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. У яго ў адпаведнасці з эпічным талентам гэтыя пытанні рэдка ставіліся ў адкрытай публіцыстычнай форме: наперадзе была праўда жыцця, у глыбіні якога і жыло імкненне да нацыянальнай саматоеснасці. Вершы, апавяданні, казкі, паэмы, аповесці, раман Коласа пранізаны нацыянальнай праблематыкай і не могуць быць зразуметы і ацэнены належным чынам без яе ўліку. Пры гэтым пісьменнік заўсёды помніў пра рэальныя ўмовы ажыццяўлення нацыянальнай праграмы, маючы на ўвазе не толькі прыхільнікаў беларушчыны, але і яе непрыяцеляў. Менавіта гэтымі настроямі поўняцца многія яго творы. Вось пачатак казкі «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-жывая-вада|Жывая вада]]» (1907):\\ «Даўно-даўно, не за нашу памяць было гэта.\\ Шчаслівы то быў куточак белага свету.\\ Вольна жылося людзям у той краіне. Ніхто іх не гнаў, ніхто іх не крыўдзіў, нікому яны не належалі».\\ У гэтых радках узнаўляецца рэальная гісторыя беларусаў таго перыяду, калі яны жылі асобна, у сваёй дзяржаве, а абавязковаю моваю для ўсіх была беларуская – ад селяніна да шляхціча, ад воіна да вялікага князя. Менавіта гэтыя гістарычныя ўспаміны, якія з часам пачалі гучаць як казка, надавалі сілу беларускаму руху, выклікаючы, адпаведна, варожасць чарнасоценцаў. Менавіта ворагі беларушчыны засыпалі «ўраджайны грунт» пяском забыцця, гарою хлусні загароджвалі шлях Жывой Вадзе нацыянальнага жыцця. [[слоўнік/алегорыя|Алегорыя]] была досыць празрыстая: «Нейкая цёмная сіла пазайздросціла шчасцю людзей». А гэта таксама гістарычная рэальнасць: «Многа працавалі людзі, многа пралівалі поту, а праца іх прападала».\\ З'явы, якія расцягнуліся на цэлыя стагоддзі, у казцы спрасоўваюцца ў адзін абагульнены вобраз-малюнак: і заняпад некалі шчаслівага кутка, і бясконцае змаганне з «цёмнай сілай», і вялікая колькасць ахвяр, і «жудасны крык» драпежных птушак, якія спявалі мясцовым людзям «вечны спакой». Нарэшце здарылася непазбежнае: «Людзі празвалі сваю старонку Мёртвым Полем». Так, у іншасказальнай форме аўтар выкладаў гісторыю народа. Аднак гісторыя гэта мела свой працяг у часе – працягвалася і казка: Жывая Вада, нацыянальны дух не згінулі ў нетрах зямлі, нарэшце выйшлі на паверхню, «і ажыло Мёртвае Поле».\\ Ідэйны сэнс коласаўскіх алегорый вельмі выразны. Перад намі знаёмыя рэаліі, персанажы казак, баек, за якімі традыцыя замацавала пэўныя пачуцці і ўяўленні. 3 кожнай казкай сказанае аўтарам удакладнялася, выяўляючы сваю рэвалюцыйна-дэмакратычную завостранасць. У гэтым сэнсе зразумелая сімволіка, напрыклад, казкі «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-у-балоце|У балоце]]». Балота – даўні вобраз Беларусі. Але гэта і вобраз усяго, што стрымлівае жывы рух думкі. Менавіта ў такім «балоце» і загразла непаваротлівая дзяржаўна-бюракратычная махіна самадзяржаўнай Расіі, «панская брычка». Народ, які сабраўся вакол, гатовы дапамагчы пану выбавіцца з палону гразі, але «пан» не звык лічыць халопаў за людзей і, замест таго, каб папрасіць парады, пачаў лаяцца. Народ моўчкі разыходзіцца з месца здарэння, а «брычка і паны ўсё глыбей у гразь лезуць». Так яно і было на самай справе: «вярхі» не жадалі ўлічыць новую сітуацыю ў свеце, пайшлі на яе абвастрэнне, а ў выніку гісторыя паляцела пад адхон, пачалася сусветная вайна, адна і другая рэвалюцыі, разгарэлася варажнеча, пралілася людская кроў.\\ У казцы «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-адзінокае-дрэва|Адзінокае дрэва]]» (1912) свой іншасказальны змест, які выходзіць за межы сацыяльна-палітычных перыпетый часу. Даецца адказ: што рабіць чалавеку, якому здрадзілі сябры, як таму дрэву, што церпіць ад буяна-Ветру і ад крыўдлівага Ручайка: «Трэба пусціць глыбей карані ў зямлю». Інакш кажучы, дрэва беларускай ідэі павінна мацаваць сваю каранёвую сістэму, паглыбляцца ў гісторыю. А ў казцы «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-на-чужым-грунце|На чужым грунце]]» (1913) ставяцца пытанні ўзаемаадносін народаў-суседзяў, асобных нацыянальных культур. Выразныя паралелі ўзнікаюць са знаёмства з Калівам Жыта, якое ўзрасло «між чужынцаў», а гэта «мяцёлка», «званец», «усялякая трава-драбяза». Сіратлівае Каліва кепска адчувала сябе ў такім суседстве: яго зневажалі, абражалі, усяляк падкрэслівалі сваю перавагу. Аднак надышоў момант, калі спатрэбілася дапамога Каліва: пачалася спёка, і трэба было, каб на засуху паскардзіўся сонцу самы няшчасны. Каліва маўчала: «Цяжкая доля, знявага аднялі ў яго дар слова». Гістарычная немата народа, з аднаго боку, не дае магчымасці сцвердзіцца Каліву Жыта, а з другога – стварае пустату, «чорную дзірку» ў прасторы, якую няма чым запоўніць. «Кажуць жа, – заўважае Колас у казцы «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-камень|Камень]]» (1913), – моцны, як камень, і маўклівы, як камень». Усім навокал здавалася, што камень маўклівы, бо ведае нешта важнае. Але вось ён рассыпаўся, і ўсе здзівіліся, не ведаючы, што на гэта сказаць.\\ Складаныя адносіны «свайго» і «чужога» разглядаюцца ў казцы «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-хмарка|Хмарка]]» (1913), але ўжо з іншага боку. Сэнс твора выказаны ў эпіграфе, узятым з верша [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]]: «Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі». У вобразе Хмаркі, што бесклапотна плавае «ў безгранічных разлогах свету», ёсць свае літаратурныя папярэднікі, пачынаючы з верша М. Лермантава «Тучи» і верша [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішака Багушэвіча]] «Хмаркі». У казцы «Хмарка» тая ж Хмарка плыве ў такой вышыні, што не заўважае ні трывогі селяніна, які чакае дажджу, ні яго самога. У яе няма Радзімы: «Уласнае шчасце бязроднай Хмаркі (яна не памятала роду) не давала ёй мажлівасці прымеціць чужое гора». Вольная натура гоніць яе ў чужы край. Нарэшце Хмарка чуе праўду пра сябе і свае блуканні па свеце: «Там, гаворыш, – шчасце? А што ж, па-твойму, няшчасце? Там палі выплакалі апошнія слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслівая Хмарка! I цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначаліся слёзы, каб радзіць цябе на свет для бадзяння па чужых краях...». Матыў, добра знаёмы беларусам яшчэ з часоў Францішка Багушэвіча: «Гдзе радзіліся, гдзе ж вы, хмарачкі, Гдзе «тутэйшымі» называліся! Леціцё ўсё, так, як ярачкі... Хоць бы трошкі гдзе затрымаліся! Зямлі родненысай, знаць, няма у вас, ні вугольчыка, ні прытулачку...». [[постаці/якуб-колас|Якуб Колас]] зазначае: «I нідзе на свеце не было ёй супакою. I вярнулася яна зноў у той край, адкуль і выйшла». Тут яна пралілася шчодрым дажджом на зямлю, якая даўно прагла вільгаці. Мараль казкі выказваецца Старым Дубам, увасабленнем мудрасці, які звяртаецца да Бусла: «От навука для тваіх дзяцей. Моцна ж накажы ты ім, дружа, каб не лёталі дарэмна па свеце, не бадзяліся: у сваім кутку работы досыць для кожнага». Ва ўмовах, калі многія беларусы эмігрыравалі ў пошуках шчасця-долі і, адпаведна, узнікла пагроза для цэлай нацыі, Коласава папярэджанне было надзвычай надзённым і своечасовым.\\ Літаратурныя казкі Колас пісаў усё жыццё – у 1955 г., незадоўга да смерці ён стварыў апошнія – «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-як-птушкі-дуб-ратавалі|Як птушкі дуб ратавалі]]», «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-адзінокі-курган|Адзінокі курган]]», «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-страказа|Страказа]]», «[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-цвіркун|Цвіркун]]». Казачны жанр быў прыдатны, каб выказацца па шырокаму колу надзённых пытанняў, якія цяжка было адкрыта абмяркоўваць як пры самадзяржаўі, так і пры бальшавіках. Гэты жанр адпавядае асаблівасцям народнага характару, акалічнасцям жыцця беларусаў, якія звыкліся за стагоддзі да «[[слоўнік/эзопава-мова|эзопавай мовы]]» іншасказанняў, алегорый, замоўчванняў і г. д. Многія казкі, напісаныя ў савецкі час, прысвячаліся юбілеям Купалы («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-ноч-калі-папараць-цвіце|Ноч, калі папараць цвіце]]», 1925), [[постаці/цішка-гартны|Цішкі Гартнага]] («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-над-прасторамі-зямлі|Над прасторамі зямлі]]», 1928). Колас у гэтым выпадку падводзіў вынікі пройдзенага народам яго літаратурнага шляху.\\ У Коласа быў шырокі погляд на многія з'явы сучаснасці: адны з іх ён свядома паэтызаваў, уздымаючы да сімвала, а другія рашуча асуджаў. Ён разумеў, што рэвалюцыя адкрывае новыя прасторы («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-даль|Даль]]», 1917), але адначасова абуджае нездаровыя страсці і нізкія інстынкты («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-вадаспад|Вадаспад]]», 1921). Жанр казкі дазваляў адкрытую пропаведзь у даступнай народу форме: аб маральнай перавазе калектыву над індывідуалізмам («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-супраць-вады|Супраць вады]]», 1917), аб неабходнасці суладнага жыцця чалавека і прыроды («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-стары-лес|Стары лес]]», 1917), аб выхаванні ў чалавеку байцоўскіх якасцей («[[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-гусі|Гусі]]», 1921). Справа выхавання была актуальнай ва ўсе перыяды, і слова аўтарытэтнага пісьменніка, глыбокага мысліцеля шмат значыла. У гэтых казках выяўлены думкі Коласа аб прызначэнні мастака слова, аб яго сувязі з роднай глебай, сваёй нівай, аб вяртанні доўгу. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]