~~META: title = Якуб Колас — Зайчыкі &keywords = зайчыка, зайчык, свеце, зайчыкі, выбавяць, жыць, возера, ходзіць, ворага, лясочку, ваду &abstract = Апавяданне Якуба Коласа "Зайчыкі" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Зайчыкі ====== Селі два зайкі ў лясочку пад бярэзінкаю, грэюцца на сонейку і гутараць.\\ А ў лясочку так добранька!.. Мушкі гудуць, адна за адною ганяюцца, крыльцамі звоняць, як бы смяюцца. А там дроздзік пасвіствае, хлопчыка Піліпку падражнівае:\\ – Пюліп! Пюліп!\\ А Піліпка па верасочку з кошыкам ходзіць, на баравічкі прыглядаецца.\\ Яшчэ далей зязюлька кукуе.\\ Ну так ясна, цёпла, весела!\\ Але нявесела зайчыкам, невясёлыя гутаркі іх.\\ – Ох, якая горкая долечка наша, – кажа адзін зайчык. – Бойся кожны дзянёчак, трасіся кожную часінку, хадзі, прыслухоўвайся, ці не ходзіць вораг твой блізка.\\ – А колькі ў нас ворагаў? Хто толькі не крыўдзіць нас, бедных зайчыкаў?\\ – Крыўдзяць нас людзі, крыўдзяць звяры; нават птушкі-драпежнікі – каршуны, совы, пугачы – і тыя нас, зайчыкаў, ушчуваюць.\\ – І як бараніцца нам ад злых нашых ворагаў? Чым ратаваціся? Адна толькі надзея на нашы ножкі: выбавяць з бяды – наша шчасце, а не выбавяць – прапала наша скурка!\\ І заплакалі горкенька зайчыкі. Плачуць і слёзкі лапкамі выціраюць.\\ – Ці ж можна нам жыць на свеце? – кажа другі зайчык. – Ніхто не баіцца нас, – ну, ніхтосенькі!.. Пойдзем, хіба, ды ў ваду кінемся.\\ Наплакаліся, надумаліся бедныя зайчыкі і пайшлі ў возера тапіцца з гора. Прыйшлі да возера, прыпыніліся, развіталіся. Да самага беражка падышлі, каб у ваду кінуцца, аж бачаць – скок жаба на купіну: убачыла зайчыкаў і спалохалася.\\ – Эге, – кажа адзін зайчык, – ёсць жа на свеце стварэнні, што і нас баяцца. Відаць, ім яшчэ цяжэй на свеце жыць.\\ Глянулі зайчыкі адзін на аднаго і пабеглі назад у лясок.\\ \\ [1906–1907, 1928] ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]]