~~META: title = Якуб Колас — Доля батрачкі &keywords = маці, матка, слязіну, дачушка, доля, дочка, матуля, твар &abstract = Верш Якуба Коласа "Доля батрачкі" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Доля батрачкі ====== Маці ў службу выпраўляе\\ Родную дзяціну,\\ Выпраўляючы, хавае\\ Горкую слязіну.\\ \\ – Будзь паслушная, дачушка, –\\ Навучае матка,\\ – Дагаджай чужым ты, служка,\\ Ды цярпі, дзіцятка!\\ \\ Не адзін раз твае вочкі\\ Заплывуць слязою.\\ Твая доля цямней ночкі –\\ Цяжка быць слугою!\\ \\ Бо не ўважыць чужаніца\\ Ручак тваіх белых,\\ Поту выльецца крыніца\\ З шчочак загарэлых.\\ \\ Ўстанеш летам раней зоркі,\\ Пойдзеш перша ў поле...\\ Ох, дачушка, хлеб твой горкі,\\ Горка твая доля!\\ \\ Маці дочку разважае,\\ Сябе цешыць стара,\\ Жаль да сэрца падступае,\\ Як чорная хмара.\\ \\ Вось дзяўчына ўжо гатова,\\ Пакідае хатку.\\ – Ну, матулька, будзь здарова!\\ І цалуе матку.\\ \\ – Ну, бывай!.. – І не ўтрывала\\ Бедная матуля.\\ Жаль слязамі ёй прарвала,\\ Твар да дочкі туліць.\\ \\ Выйшла маці ўслед за ёю,\\ Стала ля парогу\\ І, падпёршы твар рукою,\\ Зорыць на дарогу,\\ \\ На дарогу-пуцявіну –\\ Там яе Гануля, –\\ Ды за слёзкаю слязіну\\ Роніць-лье матуля.\\ \\ Доўга матка так глядзела,\\ Дочку праважала,\\ Покі хустка яе бела\\ З вочак не прапала.\\ \\ 1908 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]]