~~META: title = Якуб Колас — Воўк-дурань &keywords = Колас, воўк, дурань &abstract = Чытаць казку Якуба Коласа "Воўк-дурань" &iftrue = True ~~ ====== Якуб Колас — Воўк-дурань ====== Стары, галодны воўк выйшаў на поле. На полі хадзілі авечкі. Пастух спаў. Скраўся воўк, выбраў самага большага барана-рагаля і кажа яму:\\ — Баран, баран! Я цябе з'ем.\\ — Што ж! — кажа баран, — такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, дык стань у лагчынцы і разявіся, а я ўзбягу на горачку, разганюся і ўскочу табе у горла цалкам.\\ Стаў воўк у лагчынцы, разявіў рот.\\ А баран узбег на горку, разагнаўся і — трах воўка на галаве! Аж іскры пасыпаліся з вачэй у воўка, свету ён не ўзбачыў. Перакуліўся разоў два і — драла у лес.\\ Бяжыць воўк, бачыць — на балоце конь!\\ — Конь, конь! Я цябе з'ем.\\ —Што ж! — кажа конь, — такая мая, мусіці, доля. Толькі ж ты здымі з ног маіх падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.\\ Нагнуўся воўк, каб скінуць падковы, а конь як дасць яму капытом у патыліцу! Перакаціўся воўк, ды ходу!\\ Падбягае воўк к рэчцы. На беразе хадзілі гусі.\\ — Гусі, гусі! Я вас з'ем.\\ — Што ж! — кажуць гусі, — еш, толькі паграй ты нам, а мы паскачам прад смерцю. У нас такі ўжо закон.\\ Прымайстраваўся воўк на купіне, закінуў галаву і давай выць. А гусі крыллямі — лапу-лапу-лапу! Узняліся і паляцелі. А воўк злез с купіны, паглядзеў па гусей і пабег далей. Падходзіць ён пад вёску. Каля вёскі быў хвойнік, дзе мужыкі хавалі на зіму бульбу. У хвойніку рыла свіння.\\ — Свіння, свіння! Я цябе з'ем, — кажа воўк.\\ — Не, ня еш мяне, пане воўк, у мяне ёсць маленькія дзеткі.\\ — Няма чаго!.. я галодны, як сабака. Дзеці твае і без цябе абыдуцца.\\ — Дык дазволь ходць схадзіць накарміць іх.\\ — А ты ж прыдзеш?\\ — Прыду.\\ — Ну, глядзі ж!\\ Пайшла свіння, а воўк прытуліўся за хвойку, чакае.\\ Цераз гадзіну прыходзіць свіння.\\ — Ось што, пане воўк, я надта грэшна. Паспавядай ты мяне перад смерцю. Хоць лягчэй будзе ісці на той свет.\\ — Ну, добра.\\ Свіння пасадзіла воўка каля ямы, на саломцы.\\ — У агарод лазіла? — пытае воўк.\\ — Лазіла, — прызнаецца свіння, цяжка уздыхнуўшы.\\ — Чужое дабро крала?\\ — Ох, крала.\\ — Меншых свіней кусала?\\ — Чаму ж? Кусала.\\ — Ну, і грэшная ж ты, свіння! За такі грэх....\\ Не дакончыў воўк казання казаць. Як пырне яго свіння лычом. Аж у гору падскочыў воўк і — бух ў яму!\\ Сядзіць ён у яме і прычытае:\\ — Ці я той хапун, што бараноў цалкам глытаў?! Аў! у!\\ — Ці я той каваль, што каня каваў?! Аўу!\\ — Ці я той музыка, што гусям граў?! Aўу!\\ — Ці я той поп, што свінню спавядаў?! Аў, аў! y-y-у-y!\\ Прыбеглі людзі і забілі воўка каламі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]