Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:якуб-колас:якуб-колас-арол

Гэта старая версія дакумента!


Якуб Колас — Арол

Шмат думак снуецца ў дарозе
Пад стук аднастайны калёс…
Пустэля. Ні хвой, ні бяроз,
А стэп замлявае ў знямозе.

Мой друг дарагі! Што скажу я?
Прызнаюся проста: пра Вас
Я думаў, гадаў, і ня раз.
Вітаў я зямельку чужую,

Вітаў я і тыя куточкі,
Што Вас узрасцілі ў красе,
І Вашы парывы, і радасці ўсе,
І добрыя дні Вашы й ночкі.

І сумна было мне: нічога,
Нічога ж ня ведаў, дзе Вы,
І думкі ня йшлі з галавы –
Дзе ж Ваша праходзіць дарога?

Няўжо ж не сустрэну ніколі
Ні ў гэтым, ні ў іншым краю
Вясну маладую маю,
Што ў ценю прыкрылі таполі?

Няўжо ж у садочку вішнёвым,
Дзе Вы апявалі вясну,
Я болей на Вас не зірну,
Ня ўчую ўжо Вашага слова?

І раптам – адкуль невядома –
Мільгнулася думка-страла:
Дзевятага згледжу арла –
І друга застану я дома.

Быць можа, наіўнаю, смешнай
Пакажацца Вам варажба,
Ды ў ёй гаварыла журба
Душы маёй стомленай, грэшнай.

І от – прасвятліліся вочы…
Арол светлакрылы! Арлу
Прыношу я чэсць і хвалу
За тое, што мне напрарочыў.

1943

Падобныя старонкі

  • якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-
  • якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака
  • якуб-колас/творчасць-якуба-коласа
  • якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям
  • якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя
творы/якуб-колас/якуб-колас-арол.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki