~~META: title = Якуб Колас — Адлёт жураўлёў &keywords = гукі, небе, блізка, сцелюцца, валокны &abstract = Чытаць верш Якуба Коласа "Адлёт жураўлёў" &iftrue = nan ~~ ====== Якуб Колас — Адлёт жураўлёў ====== Белыя валокны\\ Сцелюцца над долам.\\ Не спяваюць птушкі,\\ Сціхнуў лесу шолам.\\ \\ Сцелюцца валокны,\\ Тчэцца павуціна –\\ Блізка, блізка восень,\\ Смутная часіна!\\ \\ Зажурыцца неба,\\ Схованае ў хмары,\\ І агорнуць сэрца\\ Нейкі жаль і мары.\\ \\ Замірае лета,\\ Заціхаюць далі,\\ Сірацее рэчка,\\ Халадзеюць хвалі.\\ \\ Стомленасць, знямеласць...\\ Тояць думку боры...\\ Шш! што та за гукі\\ Чуюцца ў прасторы?\\ \\ Жаласна-прыгожа\\ Льюцца ў небе гукі,\\ Слухаюць лясы іх,\\ Луг, балота, лукі.\\ \\ У бязмежным небе\\ Роўненькім шнурочкам\\ Жураўлі на вырай\\ Мкнуцца над лясочкам.\\ \\ Меншыцца шнурочак,\\ У паднеб’і тае,\\ Вось ледзь-ледзь чарнее,\\ Міг – і прападае.\\ \\ І стаіш ты, смутны,\\ Доўга пазіраеш,\\ Як бы нешта страціў,\\ А што – сам не знаеш.\\ \\ Так у час расстання\\ З тым, хто сэрцу любы,\\ Адчуваеш смутак\\ Цяжкай страты-згубы\\ \\ І глядзіш маўкліва\\ На дарожку тую,\\ Што нясе ўдалечу\\ Душу дарагую. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]]