~~META: title = Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка» &keywords = Сымон, музыка, паэма &abstract = Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка» &iftrue = nan ~~ ====== Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка» ====== Мы ўсведамляем Коласа перш за ўсё як пісьменніка-рэаліста. Аднак у яго спадчыне ёсць твор, у якім дзівосным чынам спалучана рэалістычнае, прычым на ўзроўні гістарычнага, з рамантычным. І менавіта апошняе дамінуе і вызначае жанр паэмы «Сымон-музыка» як рамантычны твор. Гэтае выключэнне, зробленае песняром з яго уласнай галоўнай манеры, стылю адлюстравання жыцця, сведчыць пра асаблівае яго стаўленне і да праблемы твора, і да тых сродкаў, якімі яна вырашаецца. Паэма прысвячаецца «беларускай моладзі». Удакладнім: той маладзі, якая наперакор нягодам і перашкодам цалкам і без астатку аддавала сябе Бацькаўшчыне і народу, несла «агонь душы і сэрца жар» для «душою чулых», — таленавітай моладзі. Асабліва вялікае сэнсавае значэнне мае ўступ да паэмы. Нельга не пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія сцвярджаюць, што ва ўступе — канцэптуальны змест твора. Уступ уяўляе сабой разгорнутую [[слоўнік/перыфраза|перыфразу]] (моўная загадка, у якой апісваецца з'ява ці прадмет, але не называецца). Некаторыя «разгадваюць» гэты ўступ як апісанне канкрэтнага твора — паэмы «Сымон-музыка», якая адрасуецца таленавітай моладзі. Аднак і паэма, і ўступ-[[слоўнік/прысвячэнне|прысвячэнне]] маюць абагульняльны алегарычны сэнс. Разгорнутая перыфраза абазначае мастацкі твор наогул. Вобразна, афарыстычна і вычарпальна апісаны ўсе галоўныя атрыбуты твора як факта мастацтва: яго прызначэнне, аснова, вытокі («адбітак родных з'яў»), вобразнасць («у словах-вобразах»), адрасат («для вас, душою чулых...»). Кантэкстуальныя [[слоўнік/сінонімы|сінонімы]] (скарб, доўг, дар), выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (струменіўся, спяваў), паўторы (дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых; як доўг, як дар) не толькі робяць тэкст рытмізаваным, але і выяўляюць узрушанасць, усхваляванасць, пачуццёвасць аўтара і яго філасофскае ўсведамленне твора як таямніцы, разгадаць да канца якую не дадзена нікому, бо то — дар Усявышняга. Незвычайным дарам надзелены і галоўны герой паэмы Сымонка: У яго быў свет цікавы, Свае вобразы, жыццё, і ў душы яго ўсе з 'явы Сваё мелі адбіццё. Незвычайнасць свайго героя і яго дару паэт падкрэслівае настойліва і пастаянна: «Ну, Сымон, не чуў ніколі, Каб тваіх гадкоў дзіця Ды так мудра разважала...» Рамантычнымі сродкамі (метафарамі, [[слоўнік/адухаўленне|адухаўленнем]] і ўвасабленнем) апісвае паэт сілу ўздзеяння дару Сымона: Ён зайграў, і струны горка Адклікаліся-гулі, Аддавала іх гаворка Гневам, крыўдаю зямлі. У паэме «Сымон-музыка» (як гэтага і вымагае жанр рамантычнай паэмы) моцная, выключная, незвычайная асоба выпрабоўваецца выключнымі абставінамі. Выключнасць жа гэтых выпрабаванняў, што выпалі на долю таленавітага хлопчыка, — у іх бесчалавечнасці, жорсткасці. Сюжэт паэмы (а ён грунтуецца на апісанні змагання героя з абставінамі, адстойвання сябе як асобы і свайго дару, які «панёс ён людзям») уяўляе сабой своеасаблівую вандроўку Сымона ў часе і ў прасторы. Сюжэт адначасова служыць выяўленню аўтарскай думкі пра трагедыю асобы ў грамадстве і віну грамадства за тое, што не ўсведамляе, якім багаццем праз гэтую асобу валодае само: Край мой родны! Дзе ж у свеце Край другі такі знайсці, Дзе б магла так, поруч з смеццем, Гожасць пышная ўзрасці? Дзе бы вобруку з галечай Расквітнеў багацтва цуд і дзе б з долі чалавечай Насмяяліся, як тут?.. Імя гэтай гожасці і нуду — талент. Але як жа цяжка таленту «поруч з смеццем»! У звароце і [[слоўнік/рытарычныя-фігуры|рытарычным]] пытанні выяўлена аўтарскае абурэнне і бесчалавечнасцю «смецця», і людской неашчаднасцю. Талент — самае вялікае багацце і гожасць нацыі, але як жа бяздумна, жорстка і неразумна ставімся мы да свайго ж багацця! Трагедыя, бяда чалавеку, калі ён «не такі, як усе»: «з ім і дзеці не гулялі, не прымалі да гульні», не раз злая рука «маладзецкі штурхане». Асабліва ўражвае і шчымлівым болем аддаецца жорсткасць бацькоў і блізкіх Сымонкі. Яны таксама зневажалі і здзекваліся з яго, бо ён з яго выключнасцю і адоранасцю ўспрымаўся нават імі як «нейкі вырадак дзіўны». Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў таленту, падтрымаў яго. Вобразам дзеда Курылы паэт славіць самы светлы і, на жаль, самы рэдкі талент — чалавечнасць. Праз гэты вобраз яшчэ мацней і настойлівей выяўляецца аўтарскае ўсведамленне трагедыі мастака ў грамадстве, «Бо не любяць свет і людзі, Каб іх тайнасці пазнаць, Каб заглянуць у іх грудзі і зняць тайнасці пячаць...». Сапраўды, як сцвярджае і дзед Курыла, няма прарока у сваёй Айчыне! Сіла ўздзеяння рамантычнага вобраза тым большая, чым настойлівей герой ідзе да мэты — нясе людзям «агонь душы і сэрца жар». А на шляху ўсё новыя выпрабаванні: смерць дзеда Курылы, сустрэча з жабраком (кантрасны вобраз, антыпод вобразу дзеда Курылы), служба ў карчмара і ў замку князя... Гэтыя сюжэтныя моманты садзейнічаюць і выяўленню пісьменніцкай філасофіі, і вырашэнню галоўнай праблемы твора: каму павінен служыць творца? у чым прызначэнне песняра і музыкі? якім павінен быць «песень дар»? Ужо уступам да паэмы пісьменнік адказаў на гэтыя пытанні адназначна: І гэты скарб, пазычаны, адбіты, У сэрцы перажыты І **** росамі абмыты Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых, Для вас, душою чулых, Як доўг, як дар Дае пясняр. Выключнасць і сілу свайго героя паэт сцвярджае і праз адмаўленне Сымонам тых шляхоў, якія прапаноўваліся яму абставінамі. Жабрак патрабуе ад яго песень, якія расчулілі б людзей і давалі большы прыбытак. Карчмар патрабуе грання для п'яніц, князь у замку — для паноў. Ні першае, ні другое, ні трэцяе для Сымона непрымальнае. Музыка выбірае свой шлях: ...Песні будзе ён складаць, Ён людзей дабром атуліць, Каб палёгку людзям даць. Самая вялікая каштоўнасць паэмы як шэдэўра мастацтва і ў яе гуманістычным пафасе, і ў высокім узроўні абагульнення, філасафічнасці. Паэт з незвычайнай сілай сказаў пра нашу нацыянальную трагедыю: несупынныя войны, што вяліся на нашай зямлі, якая была арэнай бітвы для заваёўнікаў: Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш зваяваць... Трагедыя нашага народа ўсведамляецца паэтам найперш у тым, што вайной вынішчаецца генафонд нацыі, яе таленты: Колькі талентаў звялося, Колькі іх і дзе ляжыць, Невядомых, непрызнаных, Не аплаканых нікім... Вялікая мара паэта, выяўленая ім у адным са шматлікіх філасофскіх і лірычных адступленняў пра тое, каб беларускі народ набыў права і магчымасць «шлях свой адзначаць і сваім уласным краем Край свой родны называць». Усім сваім творам паэт сцвярджае, што толькі пры такой умове магчымы росквіт талентаў — найвялікшага багацця Беларусі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[аналіз-і-крытыка/паэма-якуба-коласа-сымон-музыка]] * [[творы/іншае/сымон-будны]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-у-яго-быў-свет-цікавы]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-народ-у-трылогіі-на-ростанях-]] * [[аналіз-і-крытыка/вобраз-сымона-ў-драме-я-купалы-раскідана]]