1. Уся паэма «Новая зямля» прасякнута пейзажнымі замалёўкамі. Пачынаецца паэма таксама з лірычнага адступлення, і нават цяжка заўважыць, як гэтае глыбока асабістае перарастае ў маштабны твор сялянскага жыцця.
Адна за другой ажываюць малюнкі прыроды, і мы разам з паэтам углядаемся ў сіняе неба, у якім «хмарачкі дзянныя» плывуць, «як гускі маладыя, чародкай белай над лугамі»; любуемся цяністымі лясамі і бязмежнымі прасторамі палёў, дзе на, «абшары, на шырокім»
Раскошна нівы красавалі,
А ў іх мільёны красак ззялі,
Як бы на небе тыя зоркі…
Мы бачым свой родны край і ў летні час, калі сонейка шчодра рассыпае «праменні, стрэлы залатыя», а лугавіна «зіхціць у кветках», і халоднаю зімою, калі «над хатай, над гуменцам»
Сняжынкі жвавыя гуляюць,
Садок і дворык засцілаюць
Бялюткім, чыстым палаценцам.
У творы можна знайсці і апісанне восені з сумным шолахам траў, з баграю ў лесе і белым павуціннем, і малюнкі ранняй вясны з яе «таемнымі гукамі», і апісанне летняй навальніцы з праліўным дажджом, маланкай-бліскавіцай і громам-перуном.
Якуб Колас нібы мастак-пейзажыст адлюстраваў прыроду Беларусі з энцыклапедычнай шырынёй.
2. Часцей за ўсё пісьменнік карыстаецца эпітэтамі «мілы», «родны».
3. Пачынаецца лірычнае адступленне радкамі: «Малюнкі родныя і з'явы! Як вы мне любы, як цікавы!», заканчваецца — «Эх, мілы край адвечнай мукі! Пракляты будзьце, вусны, рукі, што на цябе ланцуг кавалі і ў твар зняважліва плявалі!»
Паэт спачатку з захапленнем апявае прыгажосць роднай старонкі, а потым звяртаецца з гнеўнай прамовай да тых, хто не шануе народ, прыгнятае яго.
4.
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно не зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю…