~~META: title = Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы &keywords = Колас, зямля, Міхал &abstract = Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы &iftrue = nan ~~ ====== Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы ====== Нацыянальнае як умова і крытэрый мастацкага шэдэўра сусветнай культуры, якім і з'яўляецца паэма «Новая зямля», выявілася і ў майстэрстве Коласа-пейзажыста. Энцыклапедычнасць паэмы, яе жанр і кампазіцыя спрыяюць таму, што перад намі паўстае вобраз роднага краю ва ўсе поры года: ранняй вясной, у летнюю спёку, і кал і «на ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі», і зімой, калі мароз «ідзе, сярдзіта пагражае, па даху гонтамі страляе». Мароз — мастак, ён «на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае, На снезе зоркі рассыпае; і так прыгожа, так старанна Бярозы белай тчэ убранне». Прырода ў паэме — не толькі фон, але і дзейная асоба, жывая істота, і апісвае яе Колас-рэаліст часцей за ўсё рамантычнымі сродкамі, робячы для гэтага «героя» сваёй паэмы выключэнне. Мароз у паэме не толькі мастак, будаўнік, але і «штукар»: Не раз, жартуючы, загубіць Таго, хто ў лапы пападзецца, Яшчэ над бедным насмяецца: «Прыляж, бядача, ты з дарогі, Няблізкі хатнія парогі... Прыляж, сагрэйся, мой пахілы, Пакуль табе прыбудуць сілы. А я салодкі сон навею І гожай казкаю сагрэю... Чытаючы паэму, мы можам уявіць усход сонца і летнюю раніцу, пачуць жураўліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе і пясчаным беразе. Усход жыве, усход палае, Слупы-праменні падымае. І вось яна, жыцця крыніца... «Малюнкі родныя і з'явы», прырода роднага краю для коласаўскіх герояў - «жыцця крыніца», крыніца радасці і натхнення, гаючая сіла, што таксама, як і плён працы, «цешыць душу леснікову». Ніхто так, як Колас, з такой мастацкай сілай не паказаў гармонію чалавека і прыроды. Прырода «з людзьмі жыве супольна», — падкрэслівае паэт. Сюжэт «Новай зямлі» грунтуецца на гісторыі апісання жыцця сям'і Міхала. І аснова гэтага жыцця — нястомная праца, якая, як і прырода, услаўлена, апаэтызавана Коласам: Эх, час касьбы, вясёлы час! і я ім цешыўся не раз. і з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Панямонне! Хараство навакольнага свету і праца хлебароба падаюцца як непадзельнае, найвышэйшай красы адзінства. Паэт у аднолькавай ступені захапляецца і прыгажосцю прыроды, і веліччу чалавека працы. Метафарычнасцю, вобразнасцю вылучаецца і апісанне прыроды: (Елка ў пары з хваіною, Абняўшысь цесна над вадою, Як маладыя ў час кахання, Ў апошні вечар расставання), і апісанне працы, яе плёну: снапы «стаяць, бы лялечкі якія, Глядзяць, як госці дарагія». Малацьба асацыіруецца з музыкай: «Не малацьба, а бубнаў хоры!.. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна». Дзядзька Антось не арэ, а «тчэ сахою кросны-ролі. Усведамленне роднай зямлі і яе прыроды як найвялікшай каштоўнасці ў паэта настолькі моцнае, што ў лірычных адступленнях ён звяртаецца да радзімы, родных мясцін, як да маці, і просіць у яе дапамогі і благаславення для сваіх любімых герояў. Аўтар перакананы, што радзіма для чалавека — прошча: Дзень добры, родная мясціна! Спаткай ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі, і разгарні прыветна рукі Для тых, хто змушаны ў няволі Жывіцца хлебам твайго поля... Афарыстычна матывавана паэтава просьба ўзброіць «надзеямі грудзі» герояў: «бо мы твае, зямелька, людзі!» Жанр паэмы (яна ліра-эпічная) праз лірычныя і філасофскія адступленні садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што родная зямля для кожнага чалавека — зямля святая, надзеленая надпрыроднымі сіламі. Гэтая філасофская думка гучыць ужо ў самім лірычным уступе, якім і пачынаецца паэма: [[творы/якуб-колас/якуб-колас-мой-родны-кут-як-ты-мне-мілы|Мой родны кут, як ты мне мілы!...]] Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае ўбогай, К табе я ў думках залятаю І там душою спачываю. Менавіта ў родным краі чэрпалі таксама сілы, спачын і лекі для душы і героі паэмы, калі былі ў нялёгкай дарозе да сваёй мэты — да волі. [[слоўнік/лейтматыў|Лейтматывам]] волі і новай зямлі прасякнута ўся паэма. Эпічныя раздзелы паэмы размешчаны так, што паслядоўна паказваюць вытокі мары Міхала, шлях яго і яго сям'і да яе здзяйснення. Апісанне жыццёвых калізій, што здараюцца з героямі, спрыяе панарамнаму паказу ўсёй Беларусі, а не толькі некаторых яе мясцін. Пярэбары сям'і Міхала ў Парэчча, паездка братоў у Заблонне да Хадыкі («прад імі Случчына ляжала, старонка міла і багата») і дзядзькі Антося ў Вільню — галоўныя моманты знешняга дзеяння. Прыём вандровак, па-майстэрску выкарыстаны паэтам, садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што дадзеная нам Богам зямля — найбагацейшы край, у якім ёсць выключна ўсё, што неабходна для жыцця чалавеку. Толькі «ўсё гэта — скарбы нужаніцы, магната князя Радзівіла», чужая краса і багацце. Але «што краса без аўладання ?». Верай у лепшы лёс сваёй зямелькі, у якой толькі і можна «пазычыць сілу», у лепшую долю народа гэтай зямлі прасякнута ўся паэма: Жыві ж, наш край! Няхай надзея Гарыць у сэрцы і мацнее... ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>краса-роднай-зямлі]] * [[ibdc.ped>зімовы-начлег]] * [[ibdc.ped>любіць-родную-зямлю]] * [[ibdc.ped>сэрца-рвецца-дадому]] * [[ibdc.ped>чалавек-і-прырода]]