~~META: title = Якуб Колас — У чым іх сіла &keywords = Колас, сіла &abstract = Чытаць апавяданне "У чым іх сіла" з кнігі "Казкі жыцця" Якуба Коласа &iftrue = True ~~ ====== Якуб Колас — У чым іх сіла ====== **І** Можа, гэта быў і не той верабейчык, што прасіў былінку, каб яго пакалыхала. Але з пэўнасцю можна сказаць, што на былінцы ён калыхаўся. Каб я ведаў вераб'іныя імёны, то даў бы яму самае прыгожае з іх. Але пра вераб'іныя імёны нічога не чуваць, і ў календары яны не значацца. Дык будзем называць яго проста: Верабейка-Калыханчык.\\ Усё гэта адбывалася ў вёсцы. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Двары былі прасторныя і вясёлыя. Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. З аднаго боку стаяў цёмны лес. У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Выходзіў часамі з лесу воўк і выглядаў, ці не ходзяць парасяты або другая жыўнасць. Наляталі таксама і каршуны, каб забраць бедную курыцу ці якую-небудзь птушку. А птаства тут было многа: былі тут вераб'і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя.\\ Верабейка-Калыханчык знайшоў сабе жонку, таксама з славутай вераб'інай фаміліі. І сталі яны ўдваіх будаваць сабе хатку. Аблюбавалі яны вельмі добрае месца, і не дзе-небудзь, а пад страхою гаспадарскага дома. Тут было і зацішна і цёпла. Адным словам, такая прыўдалая шчыліна, што рэдка якому вераб'ю здаралася такая ўдача. Калыханчык насіў саломку, сухія карэньчыкі пырніку і наогул матэрыял болей цяжкі, бо ён жа быў мужчына. Яго жонка рабіла работу болей лёгкую і болей далікатную: яна падбірала пер'е.\\ Яе нават быў напалохаў раз певень, моцна напалохаў. Вераб'іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. А гарлан певень крыкнуў грозна:\\ — Куды? Куды?\\ Вераб'іха ад страху выраніла пярынку і адляцела досыць далёка. Певень апамятаўся, відаць, пашкадаваў вераб'іху і ўжо ласкава прагаварыў да яе:\\ — Бяры! Бяры!\\ Некаторы час на двары не відаць было вераб'іхі. Думалі, што яна, можа, з пярэпалаху захварэла. Калыханчык быў надта заклапочаны ў гэты час. Але аказалася, што вераб'іха сядзела проста на гняздзе пад страхою, а потым прайшла чутка, што ў Калыханчыка ёсць дзеці, цэлых пяць штук.\\ Ну і рад жа быў Калыханчык! Карміў сваіх дзетак, пазіраў на іх, цешыўся імі. Калі дзеці трохі падраслі і пачалі шчабятаць, бацькі селі на страсе каля свае хаты. Яны адчувалі сябе шчаслівымі: дзеці іх раслі, гадаваліся, дужэлі і былі разумныя. Сярод іх былі тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Называліся хлопчыкі так: Чы-Лін, Чын і Чук, а дзяўчаткі — Чуча і Жычка.\\ **ІІ** У Калыханчыка і яго жонкі былі не толькі радасці, — быў у іх і клопат, і трывога. Іх дзеці сталі падрастаць і ўваходзіць у сілу. Ім ужо было цесна ў бацькавай хаце, ім хацелася на свет, на прастор, на волю. Таксама хацелася і сілу сваіх крылляў папрабаваць. Асабліва неспакойным, жывым і праворным быў Чы-Лін. Але на гэтым прасторы было многа небяспекі. Нядаўна сюды залятаў ястраб. Ён чуць-чуць не злавіў ластавачкі і не задраў курачкі. І толькі храбрасць пеўня Ціпа выратавала няшчасных, бо Ціп у час крыкнуў так моцна, што на яго крык выбегла гаспадыня і прагнала драпежніка.\\ Параіўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда і сказаў:\\ — Дзеці, дзеці! Ціха сядзіце! З хаты не вылазіць, калі нас няма, а то пахапае вас ястраб.\\ — Няхай толькі папрабуе! — адказаў бацьку Чы-Лін.\\ Калыханчык засмяяўся ад радасці, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў яго ў самую дзюбку і маланкаю памчаўся ў каноплі. Застаўшыся дома, Чы-Лін нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.\\ — Хачу ляцець! Хачу ляцець! — крыкнуў ён і высунуўся яшчэ больш.\\ Певень Ціп, пачуўшы гэта, строга перасцярог:\\ — Куды? Куды?\\ Чын і Чуча схапілі неспакойнага брата дзюбкамі за лапкі і не пускалі, а ён крычаў:\\ — Пусці! Пусці!\\ Вызваліў лапкі і паляцеў... Але не ўгору, а ўніз, няспрытна перабіраючы крыльцамі.\\ Чын, Чук, Чуча і Жычка паднялі гвалт. Прыляцелі бацькі. Справілі крык.\\ Праўда, Чы-Лін досыць шчасліва апынуўся на зямлі каля прызбы. Ён сам страшна перапалохаўся і цяжка дыхаў.\\ — Сынок! Сынок! — крычала маці. — Ці жывенькі ты?\\ Чы-Лін шырока разявіў жоўты рот.\\ — Жыў! Жыў! — адказаў матцы.\\ Певень, праходзячы каля прызбы, спыніўся, падкурчыў адну нагу і строга зірнуў на беднага Чы-Ліна.\\ Гэты выпадак з Чы-Лінам меў багатыя вынікі. У той час, калі птушкі думалі пра здарэнне з Чы-Лінам, пры лесе, на сухой дубовай галінцы, сядзеў каршун і пільна сачыў за тым, што робіцца навокала. Каршун быў стары, вялікі, з загнутай сярпом дзюбай, з доўгімі і вострымі кіпцюрамі. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў ён у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес.\\ Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога!\\ Мацней за ўсіх крычаў певень:\\ — Куды панёс? Куды панёс?\\ Закружыліся галубы, падняліся высока-высока ў неба. З усіх канцоў пазляталіся ластавачкі.\\ — Цуп-цуф! Цуп-цуф! — крычалі яны.\\ Дрозд, седзячы ў гэты час за клуняю на вярбе, жаласліва высвістаў:\\ — Ухваціў! Ухваціў! А-а-а!\\ Чы-Лін пазіраў на гэтую сумятню, дзівіўся і, відаць, нешта думаў. Потым ён задраў угору галаву.\\ — Чук! Чук! — пачаў клікаць брата.\\ Але тут да яго падляцеў Калыханчык, схапіў сына за крыльцы і пабег з ім у вішнячок, у крапіву, каб схаваць яго ад бяды.\\ **ІІІ** Тут ён прасядзеў цэлых тры дні. Бацькі прыносілі яму яду, так што галадаць не прыходзілася. Спачатку трохі было маркотна аднаму, але потым прывык. Седзячы адзін у крапіве, Чы-Лін пачаў разважаць, думаць, наглядаць, што робіцца навокала. Ён бачыў, што сярод птаства на двары няма згоды, што ўсе жывуць разбродам, думаюць толькі аб сваіх патрэбах, а гэтым карыстаюцца драпежнікі і вудзяць іх патроху сабе на спажытак.\\ Чы-Лін пачаў развіваць сваю думку далей. На трэці дзень у яго галаве злажыўся пэўны план, але аб ім пакуль што ён нікому не гаварыў. Пад канец трэцяга дня ён узляцеў на паркан, з паркана на грушу, з ігрушы на клуню і з гэтага часу пачаў вельмі спрытна лятаць.\\ На чацвёрты дзень павыляталі Чук, Чын, Жычка, Чуча. Дзён два яны жылі пад строгім доглядам бацькоў, а потым патроху пачалі жыць незалежна.\\ Вось цяпер Чы-Лін узяўся за работу. Ён закідаў новыя мыслі ў птушыныя галовы, мыслі аб тым, каб завесці новы лад сярод птаства, каб не давацца больш у крыўду драпежнікам. Усюды ён знаходзіў спачуванне, і ўсё птаства з ахвотаю згадзілася з Чы-Лінам, што трэба сабраць агульны сход.\\ Сход адбыўся на прыгуменні. Тут было прасторна. На прыгуменні стаяў і азярод, дзе вельмі добра было рассесціся птушкам. Некаторы час быў шум, і трудна было пачуць, хто што гаворыць.\\ — Ціха! — крыкнуў Чы-Лін.\\ Усе сціхлі.\\ — Грамадзяне! Прашу захоўваць парадак, бо так мы патрацім час і наш сход не зможа нічога зрабіць. Выберам раней старшыню, каб ён правёў сход. Са свайго боку, я прасіў бы выбраць за старшыню Ціпа.\\ — Ціп! Ціп! Ціп! — зашумелі птушкі.\\ Певень прыняў яшчэ больш важную паставу. Стоячы на шуле, ён моцна замахаў крыллямі і падзякаваў за гонар моцным «ку-ка-рэ-ку». Затым ён сказаў:\\ — Абвяшчаю наш сход адкрытым. Слова мае Чы-Лін.\\ — Просім! Просім! — загаманілі птушкі.\\ Чы-Лін выступіў.\\ — Грамадзяне! Усім вам вядома, пад якім страхам жывём мы. Залятаюць з лесу ястрабы і каршуны: цягаюць нашага брата. Чаму? А таму, што мы жывём кожны па сабе, не думаем аб другіх, не дапамагаем адзін другому. Давайце ж будзем жыць у згодзе, давайце арганізуем калектыў і завядзём такі парадак, каб у нас былі вартаўнікі. Вартаўнікі пададуць знак, калі дзе пакажацца драпежнік, і мы ўсе будзем ведаць пра бяду і не дапусцім яе на двор. Апрача гэтага, нам трэба мець войска — адбіваць драпежнікаў.\\ — Ура! Ура! — закрычала варона.\\ — Так-так-так! — азвалася качка.\\ — Брава! Брава! — крыкнуў шпак.\\ — Жыві, Чы-Лін! Жыві, Чы-Лін! — з усіх канцоў шчабяталі вераб'і.\\ — Кока! Ко-о-о-ка! — пахвалілі Чы-Ліна куры.\\ Так і зрабілі. Паставілі варту, сабралі войска. Ластавачкі павінны быць на варце і падаваць умоўны знак, калі будзе якая небяспека.\\ — Рэпетыцыю! Рэпетыцыю! — закрычала ластавачка.\\ Папрабавалі зрабіць рэпетыцыю. Калі сход скончыўся і ўсе разышліся па сваіх справах, вартаўнік-ластавачка крыкнула з-пад лесу:\\ — Цу-пу-цуф! Цу-пу-цуф!\\ У адзін момант другія ластавачкі перадалі гэты крык па ўсім двары, а птушкі зараз жа падрыхтаваліся да абароны.\\ — Шыкарна! Шыкарна! — казала сарока.\\ І вось калі назаўтра сапраўды вылецеў з лесу ястраб, то не паспеў ён праляцець і паўдарогі да двара, як яго спаткала моцнае птушынае войска. Адна варона так дзюбанула нягодніка, што аж пер'е пасыпалася, і ён больш ніколі не паказваў сюды носа.\\ І стала спакойна, вольна жыць цяпер птушкам. А дрозд спяваў:\\ — Сіла ў калектыве! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]]