~~META: title = Якуб Колас — Над прасторамі зямлі &keywords = Колас, прастора, зямля &abstract = Чытаць апавяданне "Над прасторамі зямлі" з кнігі "Казкі жыцця" Якуба Коласа &iftrue = True ~~ ====== Якуб Колас — Над прасторамі зямлі ====== //Прысвячаецца [[постаці/цішка-гартны|Цішку Гартнаму]]// Адвечны рух, бясконцае блуканне па свеце выпала на долю гэтым бязродным хмаркам.\\ Хто яны такія? Скуль яны ўзяліся?\\ Якое прызначэнне іх на свеце?\\ Такія запытанні напэўна паўсталі б у кожнага, хто першы раз убачыў бы гэтых несупынных вандроўніц. Але ж трудна сказаць, хто і калі ўбачыў іх першы раз, і гэтыя пытанні цяпер ужо страчваюць сваю цікавасць. І, можа, нават не шкодзіць заўважыць наогул, што не трэба многа думаць над такімі звычайнымі з'явамі, бо гэта не дае практычных вынікаў, і затым выказваецца і такая думка — колькі б людзі ні думалі, хоць бы нават страцілі апошні волас на галаве ў сваім думанні, дык і тады не здолеюць даць разумнага адказу на некаторыя запытанні.\\ Збіраліся хмаркі ў дарогу.\\ Раніца была такая ціхая і такая прыўдалая. Часамі перад навальніцаю бываюць такія прыгожыя раніцы. Сонца яшчэ не было відаць, але яго ружова-залацістыя слупы ўжо высока падымаліся над зямлёю, расцякаліся ў бязмежных прасторах свету. У гэтых залатых слупах-праменнях і купаліся хмаркі. Іх было многа, але яны былі такія тонкія і празрыстыя, што некаторых трудна было нават разгледзець. І весела было хмаркам — яны ж збіраліся вандраваць па свеце, пачынаючы новае жыццё новага дня. А ў гэтай вандроўцы было так многа павабнасці і хараства. А калі яшчэ ўзяць пад увагу, што яны вольны, не прыкаваны да якога-небудзь пэўнага месца, што яны «вечна халодныя, вечна свабодныя», што ў іх няма ні «родзіны, ні выгнання», як сказаў аб іх паэт, дык стане яснаю ўся іх радасць і ўся паўната іх шчасця.\\ І гутарылі між сабою гэтыя хмаркі.\\ — Падымаецца зараз ветрык, і мы рушым у дарогу. Падумайце, якое гэта шчасце — не мець ніякага клопату, ніякіх турбот і вечна хадзіць па безгранічных прасторах, калі табе ўсюды адкрыты дарогі, — гаворыць адна хмарка, грэючы на сонцы свае шаўкавістыя ружовыя пасмачкі.\\ — І куды гэта паплывём мы сёння? — пытаецца другая, павісшы ў небе вельмі прыгожымі завітушкамі. — Мяне гэта надзвычайна цікавіць, і ў гэтым гаданні, калі хочаце, ёсць пэўная асалода.\\ — Што да мяне, — азвалася трэцяя, — то я хацела б унь туды — пайсці следам за гэтым бліскучым срэбрам вады, што паблісквае з-пад зялёных шатаў купчастых алешын.\\ — Ах, мілыя, куды ні пойдзеш, усюды будзе добра, — заўважыла яшчэ адна хмарка.\\ — Я толькі не люблю гэтых пустак і гэтых жоўтых пяскоў, бо сярод іх так аднастайна і так непрытульна, і калі мне здараецца праходзіць над імі, то я стараюся знікнуць або зусім не глядзець на іх, каб не бачыць убоства іх, — зазначыла папялястая хмарка.\\ — Хутчэй, хутчэй бы ў дарогу! — загаманіла хорам цэлая чародка хмарак. — І дзе гэта падзеўся вецер? Ужо сонца стаіць над лесам, пара б нам і рушыцца.\\ — Пастойце, родныя, не спяшайцеся, — пачуўся новы голас, і голас ішоў знізу. Адна хмарка стаяла ніжэй. На яе падалі цені ад тых, што стаялі значна вышэй, і гэтыя цені надавалі ёй досыць пануры выгляд.\\ — А чаго стаяць? — з нецярплівасцю адказалі ёй і дадалі: — Усякае стаянне на месцы пераходзіць у звычайны застой. А ў застоі хіба можа быць які сэнс? Сэнс нашага жыцця — несупынны рух.\\ — Але, несупынны рух, — пацвердзілі і ўсе іншыя хмаркі.\\ — Вы занадта адарваныя ад зямлі, бо далёка стаіцё ад яе, і таму ў вас няправільны погляд на сваё прызначэнне, — адказала цёмная хмарка, — вось чаму я і кажу: не спяшайцеся. Чаму? Бо трэба зрабіць, гаворачы моваю вучоных, рэвізію нашага погляду на рэчы і на сваё прызначэнне.\\ — Іншага прызначэння мы не ведаем. Прызначэнне ў нас адно — вечны рух, вечны пераход з аднаго месца на другое, з аднаго краю ў іншыя краі, і так да сканчэння свету.\\ — А я думаю, што гэта мала. Спусціцеся ніжэй, бо на вашай высачыні вам не чуцен голас зямлі.\\ І між імі завялася гарачая спрэчка, і ў ёй быў заглушан голас зямлі.\\ У той час, калі між хмаркамі вялася такая паважная дыскусія на ўзнёслую філасофскую тэму аб прызначэнні і розных маральных абавязках, на зямлі таксама была гутарка, але зусім іншага характару.\\ — Які гарачы будзе сёння дзень! Глядзіце, як борзда высыхае раса, — гаворыць зялёны бульбянік.\\ — Горача, горача, — адзываецца вусаты ячмень, — яшчэ толькі раніца, а як ужо прыпякае сонца. На маіх вусах даўно павысыхалі мае бясцэнныя дыяменты. Ах, як хочацца піць!\\ — Піць, піць! — жаласна пранёсся ледзь-ледзь чутны шум па нівах і па траве.\\ — Глядзіце, сябры, ці гэта толькі мне здаецца, — зашумеў авёс, — там нібы хмары збіраюцца... Ах, як шкода, што я малы і мой кругазор нязначны! Зірніце вы, зрабіце ласку, васпане дубе, вам ляпей відаць: ці не відаць, ці не збіраецца толькі дождж?\\ — Эх, сынку, — уздыхае дуб, — штодзень збіраюцца хмары, а дажджу ўсё няма і няма.\\ — Без сэрца яны, без літасці, пустыя халодныя плямы на небе. Апошнюю расу нашу пабралі, — скардзіцца грэчка.\\ — Ох, маці зямля, — зашушукалі краскі на межах, — дарма называюць цябе сырою. Мы сохнем без вільгаці, мы гарым на сонцы. Хоць бы дачакацца халадку начнога.\\ — Дзеткі, мае дзеткі! — гаворыць зямля. — Я разарвала грудзі сабе, патрэскалася, аддаючы апошнюю вільгаць, каб гэтаю вільгаццю жывіць вас і напаіць хмары, каб спорным дажджом вярнулі нам яны мае слёзы, любыя раслінкі! І болей зрабіць не магла я нічога.\\ Густая смуга-сінеча — як смутак пасохлай зямлі, акінула далі, знямелыя ад жары.\\ У гэты ж час там, угары, спрэчка між хмаркамі не спынялася. Але, як і заўсёды, у спрэчках ніхто нікога не пераканаў і тут, нягледзячы на самыя мудрыя аргументы. І такіх аргументаў было не мала.\\ — Вы адарваліся ад зямлі, вы забыліся ці не хочаце памятаць таго, што гэтая зямля, над якою плывяце вы, выпеставала і выкарміла вас, а сама засталася спустошанаю. Яна чакае ад вас дапамогі, і калі вы не спусціцеся наніз дажджом, то яе расліны папрападаюць, — гаварыла хмарка знізу.\\ — Не заўсёды можна лічыцца з жаданнямі другога, — адказваюць хмаркі з гары. — Дзеці часамі захочуць пагуляць з брытваю, да ці можна даваць ім брытву? Наш прыход на зямлю ў часе такой спякоты можа прычыніць ёй толькі шкоду, бо мы не можам паручыцца за сябе, каб не распражыцца страшным градам і бураю. Мы вернемся на зямлю ціхім, дробным дожджыкам у спакойную восень. Ты, сястрыца, не пакрыўдзься за слова: ты стаіш нізка. У цябе няма такога шырокага далягляду, які ёсць у нас. Ты — цёмная і страшная хмара. У цябе многа дзікай сілы, ты прынясеш навальніцу і громы, ты наробіш многа шкоды і бяды на зямлі. Ці акупіцца гэтае няшчасце карысцю ад тваіх навальных уліўных дажджоў? Не будзь упартаю і плыві разам з намі, бо дарога наша адна. Паглядзі, падыміся вышай, якія светлыя прасторы чакаюць нас. Спяшайся, бо чуецца набліжэнне свежых ветравых хваль.\\ Здрыганулася паветра, і зрушыліся высокія светлыя хмаркі. Адлегласць між імі і цёмнаю хмараю з кожнаю хвілінаю рабілася большай і большай.\\ — Бывай! — гукнулі яны з далёкай высачыні сваёй цёмнай задумлёнай таварышцы.\\ Як белыя лебедзі, паплылі яны ў бяскрайняй прасторы, ператвараючыся ў самыя вычварныя, дзівосныя постаці, і зніклі з вачэй.\\ Яшчэ больш пацямнела нізкая хмара, нерухома застыўшы на адзін момант. Зрушылася, заварушылася. Як шапка-волат, спускаецца ніжай, выпускаючы па краях кудлатыя касмыкі, апранаючы ценем зямлю.\\ — Хмара находзіць! — узрушана-радасна зашумелі кусты.\\ — Ш! ш! — зашастала асака. — Маўчыце, не спалохайце мілую, слаўную хмару.\\ І знямелая ціш агарнула зямлю.\\ — Гром, гром! Вы чуеце гром? — прытоеным, сцішаным голасам загаманілі аўсяныя кістачкі.\\ — А што гэта гудзе дзесь далёка, ды гэтак жа густа? — запытала трава.\\ — Гэта дождж, гэта дождж гудзе! — радасна залепятала лісце на дубе.\\ — Сцеражыся, братка, — гучна зашумеў вецер, пагнаўшы пыл па зямлі, каб зараз жа прыбіць яго жыватворчым дажджом.\\ Грозна і гучна наступала цёмная хмара, абліваючы зямлю імклівым патокам дажджу, кладучы на дол засмаглыя нівы і травы.\\ Прайшла навальніца. Бліснула сонца. Мільярды брыльянцістых кропель брыльянцістай вады заззялі ў праменнях.\\ Ляжыць на доле авёс, абцяжараны і напоены дажджом. Павылеглі нівы.\\ — Хвала табе, цёмная хмара! Хоць і злажыла ты нас на дол, але мы ўстанем, бо ты нам дала моцы і сілы, — шэпчуць шчаслівыя раслінкі і цягнуцца зноў угору да яснага сонца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]]