~~META: title = Якуб Колас — Камень &keywords = Колас, камень &abstract = Чытаць апавяданне "Камень" з кнігі "Казкі жыцця" Якуба Коласа &iftrue = True ~~ ====== Якуб Колас — Камень ====== Такіх прыгожых месцаў, якім быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсці. Прынамсі, так думаў даўганосы бусел, каторы меў тут, на старадрэвіне, пышны палац. А бусел усё ж такі трэцца па свеце, і на яго словы можна мець увагу.\\ Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям'ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасліва, і гэтым самым як бы пацвярджалі, што тут і сапраўды не кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — без гэтага не абходзіцца ў жыцці. І хто ведае: быць можа, чым часцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты.\\ Але самым шчаслівым жыхаром быў тут, ведама, камень, — так злажылі і згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і другія. І праўда, як ні моцныя дубы, а ўсё ж іх матлашылі і сушылі вятры, іх паліла сонца, на іх меціліся цяжэрныя хмары залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час навальніцы па іх каранёх тапталіся людзі.\\ Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваіх берагах пад косамі гарачага сонца і агаляла сваё няшчаснае дно. Яе чыстае лона не раз заносілася смеццем, гразёю і розным брудам няпрошаных гасцей ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі разоў даводзіцца яму, старому, перадрыжаць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, як увойдзе сюды з бліскучай сякерай на плячах бязлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы і для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзнешся досыць, стоячы на гняздзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сцюжу? А каменю што? Кажуць жа — моцны, як камень, і маўклівы, як камень. Дык што яму астаецца тут? Ляжаць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні жар для яго не страшны. Блісне сонца, дзьмухне вецер — і сухі камень і цёпла яму.\\ І месца выбраў прыўдалае!\\ Тут і рэчка табе відаць, лес, і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязмежнаму прастору сініх небясоў.\\ А колькі жыцця навокал яго! Чарнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх і пачнуць такія гамонкі, што толькі і можна пачуць іх увесну. Лясная жаваранка прылятае сюды начаваць, і, пэўна, гэта каменю пяе яна такія прыгожыя песні, што душа замлявае. Што ж, шанцуе яму — і толькі! Кожнаму свая доля.\\ Так казалі суседзі шчаслівага каменя. Аднаго толькі не маглі сцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слаўцом не выявіў свае радасці, што нямала ўсіх тут здзіўляла.\\ — Ну, што ж? Такая ўжо натура яго!\\ Але здарылася тут вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа да дубоў:\\ — А ведаеце, браткі, што?\\ — А што? — усе разам запыталі яго.\\ — Шчаслівы наш камень... рассыпаўся.\\ — Ну?!\\ — Не можа быць! — зашумела рэчка.\\ — Што ж гэта такое? — прагукаў лес.\\ І ўсе дзівіліся такому здарэнню.\\ — З чаго ж такое ліха прылучылася з ім?\\ І ніхто не ведаў, што сказаць на гэта. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]]