~~META: title = Якуб Колас — Даль &keywords = Колас, даль &abstract = Чытаць апавяданне "Даль" з кнігі "Казкі жыцця" Якуба Коласа &iftrue = True ~~ ====== Якуб Колас — Даль ====== Зацвіла прыгожая ліпа.\\ Колькі шуму было тут на гэты час, колькі рознагалосага спеву! Працавітыя пчолкі, усялякія мушкі гулі так, што здавалася, нібы ліпа — гэта нейкі дзіўны музыкальны інструмент і тут адбываецца ігрышча. Але адцвіла ліпа, пачало спець насенне. Расло адно зернетка на самай высокай галінцы. Можа, гэтая высачыня і была прычынаю таго, што маладому насенню захацелася кінуць тутэйшы грунт і перабрацца туды. І якое павінна быць шчасце жыць там, калі ад аднаго толькі погляду на прыволле гэтай далі рабілася светла і радасна на душы.\\ Бывала, ледзь толькі ўзыдзе сонца, ледзь рассцелюцца на версе лясоў і ўзгоркаў яго залатыя абрусы, як гэтае зерне ўжо не зводзіць вачэй з сіняй далі. Што было ў ёй такога, чым прывабіла яна, гэтая даль, маладое ліпавае дзіця?.. У той бок, адкуль найлепш выглядала гэтая даль, беглі разлогі шырокіх палёў, а на іх межах то там то сям параскідаліся, як маладзіцы ў жніво, дзікія грушы. Ціхія ўзгоркі, бы хвалі рачныя, таксама, відаць, цягнуліся да няяснай і прыгожай далі. А там, дзе поле ўпіралася ў цёмную сцяну баравога лесу, на самай граніцы, ззяла, як люстэрка, пакручастая стужка вады. Яшчэ далей, там, куды беглі срэбныя загібы бліскучай рэчкі і памыкаліся ўзгоркі, баравы лес і шырокае поле, ужо нельга было разглядзець нічога паасобку, — была проста даль, якая так моцна парывае да сябе душу, — даль, над якою драмалі ў залатых марах, здавалася, нерухомыя клубочкі кучаравых хмарак.\\ Ёсць нейкае хараство ў гэтай няяснасці, у гэтай безгранічнай далячыні, дзе неба нізка-нізка нахіляецца над зямлёю. Якая ўлада, якая сіла цягне ў бязмежнасць сіняй далі?\\ — Эх, — уздыхала маладое зерне, — паляцець бы ў гэтую даль.\\ Пачуў вецер тыя ўздыханні, устаў з-за ўзгорка, пазяхнуў пасля салодкага супачынку і падляцеў да маладога насення.\\ — А я і ведаў, — сказаў ён, — што не сягоння-заўтра папросішся ты ў дарогу. Трэба, трэба пазнаваць свет!\\ І стала прасіць маладое насенне, каб вецер узяў яго з сабою і панёс у аблюбаваную даль.\\ Старой ліпе шкада было пускаць дзіця ў чужы свет, невядома куды, але што парадзіць? Можа, там будзе і лепей яму? Дык што, станавіцца ўпоперак дарогі? Мо гэты шлях — шлях яго шчасця? Благаславіла маці сваё дзіця.\\ — Ляці, мілае!\\ Падхапіў вецер маладое насенне і панёс. Лятуць яны, і здаецца, самі бягуць на спатканне прыгожыя ўзгоркі, зялёныя лагчынкі. Пазірае на ўсё маладое насенне і вачам сваім не верыць: няўжо гэта тыя самыя малюнкі, на якія глядзела яно так нядаўна? А дзе ж іх хараство? Дзе тыя гладкія абрысы, дзе грабяні, што так павабна выглядалі адтуль — з ліпы? А палоскі лясоў? Нават сама рэчка не такая, якою здавалася здалёк.\\ Нейкі неспакой пачынаў агортваць маладое насенне. Ой, ці не жартуе з ім вецер: ці туды нясе ён, куды прасілася душа?\\ — А ці скора будзе тая даль, мілы вецер?\\ — Мы даўно мінулі яе, — адказаў вецер, — а цяпер новая даль перад намі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]]