~~META: title = Язэп Пушча — Я раніцы кланяўся ў пояс &keywords = зрэб’ем, латаным, хаце, вырас, апрануты, мужычай, туляўся, грэблі, выбоямі &abstract = Язэп Пушча "Туляўся выбоямі грэблі..." &iftrue = nan ~~ ====== Язэп Пушча — Я раніцы кланяўся ў пояс ====== Туляўся выбоямі грэблі\\ заплаканы променя вырыс.\\ Апрануты латаным зрэб’ем,\\ у хаце мужычай я вырас.\\ \\ Падслухаў там родныя песні,\\ як пелі дажынкамі жнеі.\\ Сахою я гонейкі песціў,\\ кілзаючы сонца у шлеі.\\ \\ Прастор – сінявокі юнак –\\ да мяне прытуляўся ў сутонні;\\ губляючы зоры ў хмызняк,\\ яму снілася новае сёння.\\ \\ Туман, ацярушаны пытлем,\\ цадзіў белаватую боязь.\\ Падпаскам, ганяючы быдла,\\ я раніцы кланяўся ў пояс.\\ \\ Кудлата-зялёныя хвалі\\ чупрынаю кудзер кудзеліў, –\\ ветры ж мяне калыхалі\\ ў ядрана жытняй пасцелі.\\ \\ Ўсміхалася Свіслач мне срэбрам, на пуні прывязваў як прывязь.\\ Апрануты латаным зрэб’ем,\\ у хаце мужычай я вырас. \\ \\ Крыніца: Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 2 / Рэдкал.: Р. Барадулін і інш.; Уклад. Л. Лойка. Мн.: Маст. літ., 1993. – 623 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніца]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]] * [[постаці/язэп-пушча]]