~~META: title = Язэп Пушча — Цень Консула &keywords = Язэп, Пушча, Цень, Консула &abstract = Чытаць аналіз паэмы Язэпа Пушчы "Цень Консула" &iftrue = nan ~~ ====== Язэп Пушча — Цень Консула ====== Паэма [[постаці/язэп-пушча|Язэпа Пушчы]] «Цень Консула» вельмі складаная і цяжкая для інтэрпрэтацыі. Твор гэты праецыруецца на даваенную рэчаіснасць перыяду пачатку сталінскіх рэпрэсій.\\ Сапраўды, пры ўсёй жорсткасці ўсіх акупацый, у тым ліку і нямецкай у першую імперыялістычную вайну, як сведчаць гістарычныя дакументы, не было масавага знішчэння насельніцтва, пагалоўнага тэрору. Тэма нямецкай акупацыі — толькі прыкрыццё палымянага асуджэння сталінскіх рэпрэсій. Паэт імкнецца намаляваць шырокі малюнак беззаконня, злачынных планаў вынішчэння ўсяго сумленнага ў народным жыцці.\\ Ужо ўступная частка паэмы дае амаль дакладную арыентацыю на праблемна-сэнсавае ўспрыняцце зместу паэмы. Гэта іранічная паэтызацыя палітыкі, якую сур'ёзна абагаўлялі бальшавікі: Палітыка, кажуць, цудоўная рэч,\\ Цуднейшая нават за шашкі, шахматы;\\ Прад ёю пакорна схіляецца меч,\\ Прад ёю змаўкаюць гарматаў раскаты.\\ \\ Ў азглелых руінах канвульсій гады;\\ Між імі Цень Консула нешта шукае,\\ Хіхікае ў кроках зладзейскай хады.\\ ...Ступае нагой на магільны курган, —\\ На трон сваіх будучых консульскіх місій,\\ Сціскаючы ў лапе крывавы наган.\\ ...Адцень ізуіта на вусны лягла;\\ Падведзены твар задуменна-суровы, —\\ На рысах злачынных настрояў імгла. \\ Падобны тып акупанта не быў патрэбен нямецкай адміністрацыі на Беларусі ў першую сусветную вайну. У яго не існавала падобнага тыпу. Тым больш што Консулу, самаму высокаму прадстаўніку вайсковай нямецкай адміністрацыі, не было патрэбы праводзіць нарады ў сакрэтнай комнаце, карыстацца судовай практыкай троек і наганам — гэта ўсё з рэпрэсіўнага набору сталінскага рэжыму. Ды і прозвішча, а таксама імя галоўнага прадстаўніка акупацыйных улад не нямецкае — Юлій Атэра. Юлій, Консул — гэта намёк на дзяржаўную практыку дэспатый Старажытнага Рыма. I не толькі намёк, але маюцца і адкрытыя паралелі: Суровыя можаце кары ўжываць...\\ Калі ж непакорнымі будуць паэты,\\ Нат вены і то прымушайце ўскрываць\\ Як колісь у Рыме рабілі за гэта. \\ I яшчэ: Святой інквізіцыі новы прыход\\ Сваё праспявае сягонне літанне. \\ Вядома, паэт вымушаны быў ужываць пэўны камуфляж. Юлій Атэра У чорнай візітцы з разрэзам наўкос,\\ У модных бліскуча-рыпучых лякерах... \\ Аднак жа такога адзення і абутку не насілі прадстаўнікі акупацыйных улад. А вось штрых «А ногі уроскід на цэлы пракос» вельмі празрысты.\\ У паэме расказваецца пра намаганні Атэры пабудаваць турмы-падземкі, дзе можна было б расстрэльваць ахвяры так, каб ніхто не чуў пра ўстанаўленне ім жалезнай дыктатуры. Праецыруецца таксама змест і на даваенны літаратурны працэс, Пушча не збаяўся актыўна выступіць супроць палітычнай дыктатуры, прадажніцтва, якое ўзрастае на глебе абслугоўвання чыста ідэалагічных задач. У вусны калегі-апанента ён укладвае ў многім прарочыя, сугучныя і сённяшняму дню словы: Нічога, што ў песні душою зманю,\\ I будзе яна слоў іржавых асколак, —\\ Затое, прыкмецяць асобу маю\\ Дзяржаўныя людзі, вышэйшыя колы.\\ Мне гэта сягоння за ўсё даражэй;\\ Мне хочацца славы, хоць дробнай, мізэрнай... \\ Вобраз руінаў, замчышча, паказ скокаў смерці — сімвалы гаротнага лёсу Беларусі: Усплыў на прагаліну месяц-юнак,\\ Адсвет свой згубіўшы у хмарах ірваных, —\\ Ён гэтага ўцяміць не мог аніяк.\\ Руінаў штылі ў суматосе страшной;\\ На шчэбнях Цень Консула й Цень лейтэнанта;\\ Людское ж жыццё на іржавых ражнох. \\ Яшчэ і сёння гучыць перасцярога ад магчымых вынікаў дыктатарства. На поўны голас гучыць у ёй тэма нацыянальнай і сацыяльнай свабоды. У шэрагу іншых паэм 20-х гадоў яна — адзін з самых трагедыйных і прагнастычных твораў. Крыніца: Мішчанчук М.І. Язэп Пушча %%//%% Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 550-575 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[постаці/язэп-пушча]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніца]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]]