~~META: title = Язэп Пушча — Сады вятроў &keywords = Пушча, Язэп, паэма, сады, вятроў, Грыміцкі, Мяроха &abstract = Чытаць аналіз і характарыстыку галоўных герояў паэмы "Сады вятроў" Язэпа Пушчы &iftrue = nan ~~ ====== Язэп Пушча — Сады вятроў ====== У паэме «Сады вятроў» (1930) [[постаці/язэп-пушча|Язэп Пушча]] спрабуе «раскрыць» сваю пазіцыю, глыбінна выказаць сваё канцэптуальнае разуменне жыцця і паэзіі вуснамі паэта-рамантыка Грыміцкага, які з'яўляецца вобразным увасабленнем фігуры самога аўтара. Яго літаратурныя перакананні — гэта і адказ «пільным» крытыкам паэта. Грыміцкі абвяшчае: Творы — помнікі эпохі,\\ Не раз'есць іх часу горкасць.\\ Свету крыкам не спалохаць;\\ Найвялікшы бунт ёсць творчасць! \\ Ён ставіць перад творчасцю глабальныя агульнажыццёвыя задачы, паэтычнае ажыццяўленне якіх павінна раскрыць сутнасць часу і існавання свету: Люблю сады вятроў увосень:\\ Яны мне навяваюць спеў.\\ Шумець мне з імі давялося\\ Ў кожным вершы нараспеў.\\ У іхнім шуме вуха ловіць\\ Гарматны гул і зрух зямны;\\ У іхнім шуме звоняць словы\\ На радасць беднае сям'і;\\ У іхнім шуме — гнеў паўстання,\\ Імчанне ў полі цягніка,\\ Агні юнацкага кахання\\ I помсты чорная рука. \\ Пушча стварыў вобраз антыпода Грыміцкага — празаіка Мярохі, які па-лакейску служыць афіцыйным патрабаванням чыноўнікаў. Мяроха ўгаворвае Грыміцкага змяніць пазіцыю: Напішуць і партрэт алеем\\ У маладыя шчэ гады.\\ \\ Грыміцкі пытаўся ў Мярохі:\\ Схаваў няйначай адчуванні\\ У свой пакоўны ты жывот? \\ У сваю чаргу Мяроха адказвае пытаннем: Няўжо вялікая прыемнасць,\\ Калі ўпікаюць кожны дзень? \\ I аргументуе свой разрыў з Грыміцкім: З табой мне сорамна, мой сокал,\\ Калі страчае часам хто\\ З асоб, пастаўленых высока,\\ Якія цэняць хараство... \\ Галоўны герой паэмы паэт Грыміцкі ў першай частцы, якая пачынаецца з «Уверцюры» і пераходзіць у «З пралогу на плошчы», праходзіць чысцілішча думкай народнай, народным вечам, якое падтрымлівае паэта і ў якім удзельнічаюць Суддзя і Крытык. Паэт адказвае на запытанне прысутных пра мэты і задачы мастацтва, адстойвае свае эстэтычныя прынцыпы, сярод якіх галоўныя наватарства («Усіх правяду ў Сады Пуцінай нехаджалай»), адмаўленне старога («Каля старых баляс Хай моляцца паэты»), тварэнне новага («Нам новае тварыць Напісана ад роду»), бунтоўнасць і непакорлівасць, адчуванне сучаснасці («Я сабой — увесь сучаснасць»). Паэт выходзіць на народ з душой, адкрытай ветру грамадска-сацыяльных перамен, якія называе не толькі агульна, цьмяна-сімвалічна («Перад намі дзень шырокі Будзе ў сонечным світанні»; «Зор агні гараць над аркай»; «Ясны дзень мой мужна крочыць», «Перад сонечным парогам Рукі гневу не камечаць»), але і даволі выразна, канкрэтна. Ён верыць у шчаслівыя перамены і ідэалы сацыялізма: «На зарослых колісь сцежках Высім фабрыкі, палацы»; «I той час, пару такую Будуць зваць сацыялізмам».\\ Другая частка паэмы таксама пачынаецца з «Уверцюры», пераходзіць у раздзел «Спатканне з Марохам» і больш шматгранна тлумачыць тэму мастацкай творчасці. Менавіта ў гэтай частцы і набывае сімвалічнае значэнне вобраз колішняга блокаўскага сада — знака сапраўднай паэзіі, натхнення, якое непадуладна нейкай прымусовай сіле, з'яўляецца гарантам сапраўднай творчасці. Калі ў першым раздзеле паэмы праблема мастацтва вырашаецца ў сацыяльным плане, дык у другім яна пераводзіцца ў агульна-філасофскі і маральны планы. Тут спрэчка пра сутнасць прыгожага, яго нараджэнне і функцыянальнасць вядзецца не паміж паэтам Грыміцкім і народам, які ўспрымае яго, лічыць сваім, далучае да сваёй апантанасці і веры ў перамогу новых ідэй, а паміж Грыміцкім і яго апанентам празаікам Мярохай — колішнім сябрам, чалавекам досыць меркантыльным, спрактыкаваным, не адчуваючым розніцы паміж патрэбным (утылітарным) і ўзнёслым, прыгожым: Сказаў я так да слова толькі;\\ Я захапленнем не жыву.\\ Парваў яго гнілыя столкі\\ І выкінуў, бы лісцяў жмут.\\ Глядзець наўчыўся я цвяроза,\\ I прад вачмі прайшла карысць.\\ Не зблышыў мне мой светлы розум\\ Цяпер, як і раней калісць.\\ Карысць, карысць ва ўсім — мой лозунг... \\ Грыміцкі ж — увесь у натхненні, змагаецца за права мастака быць летуценнікам, рамантыкам, стваральнікам свайго цудоўнага сада вятроў, сваёй перасатвараючай рэчаіснасць манеры пісьма. Для яго вузкі практыцызм і карыслівасць Мярохі непрыймальныя: «Схадзі ў сады вятроў, Мяроха, Там жоўтыя лісты лятуць. Схадзі, празаік мой не крохкі, I памаліся хараству»; «Ад захаплення смачна рохкай I падфабай у гной лісты. А я пуцінай нехаджалай Пайду з людзьмі ў сады вятроў». Менавіта ў гэтым раздзеле як бы запаўняецца ранейшая, выказаная ў першым раздзеле пазіцыя. Побач з сацыяльнай значнасцю ставіцца эстэтычная вартасць мастацтва. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніца]] * [[постаці/язэп-пушча]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]]