~~META: title = Язэп Пушча — Прабач, мой дружа, мой чытач... &keywords = дружа, чытач &abstract = Чытаць верш Язэпа Пушчы "Прабач, мой дружа, мой чытач..." &iftrue = nan ~~ ====== Язэп Пушча — Прабач, мой дружа, мой чытач... ====== Прабач, мой дружа, мой чытач,\\ Калі не гэтак што, як трэба.\\ Няўдач шмат болей, як удач,\\ Было ў мяне пад родным небам.\\ \\ Быў рад, калі прыйшла у сад\\ Вясна, а з ёй садоўнік дбалы.\\ Быў рад, калі на новы лад\\ Зайгралі скрыпкі і цымбалы.\\ \\ Святло ад сонца скрозь плыло,\\ Маёй не абмінала песні.\\ Было, калі яно ўзышло,\\ Святлей, цяплей, як напрадвесні.\\ \\ Дужэў. Вясновы дзень даўжэў.\\ Я помню светлыя гадзіны.\\ Бліжэй за ўсіх і даражэй\\ Была ты мне, мая Радзіма.\\ \\ З табой ішоў, ў табе знайшоў\\ Людзьмі нязведанае шчасце.\\ Ішоў і ўсё хацеў душой\\ Я да крыніц тваіх прыпасці.\\ \\ Хацеў не проста для уцех...\\ Але павеяў вецер золкі,\\ I ўжо не смех, а зябкі снег\\ Засыпаў долы і узгоркі.\\ \\ I тых тваіх крыніц святых\\ Я не згубіў і ў дзень завейны.\\ Не сціх звон сосен залатых,\\ I ў сэрцы голас твой напеўны.\\ \\ Слатой зляцела тля з лістоў,\\ Прыйшоў дзень сонечны, уцешны,\\ Прынёс зямное хараство\\ I словы новай, гулкай песні.\\ \\ 1960 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніца]] * [[постаці/язэп-пушча]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]]