Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:язэп-пушча:язэп-пушча-жытні-колас

Гэта старая версія дакумента!


Язэп Пушча — Жытні колас

Гэтым летам, а не колісь,
Рос і вырас жытні колас
На радзімай ніве вольнай,
На шырокай, на раздольнай.

Красаваў і наліваўся,
Над зямлёю нахіляўся.
Сокамі зямля паіла,
І брадзіла ў зернях сіла.

Ядраны, цяжкі, як з бронзы,
Загарэў, прыкрыў барозны.
Не было такіх ніколі
На ўраджайным нашым полі.

Не было нідзе на свеце,
Толькі ў нас у гэтым леце.
Дзіву дзівімся, ды годзе, –
Хай штогод так нівы родзяць.

І наяве, а не ў казцы.
Яшчэ казку трэба скласці
І расказваць на ўвесь голас
Пра цудоўны жытні колас.

Сонца грэе, колас спее,
Пошум жытні ў летнім спеве.
Каласіста спелай ніве
Нізка кланяецца жнівень.

Цешыць поле залатое,
Дзякуй, роднае, за тое,
Што ўрадзіла гэтак шчодра, –
З хлебам жыць на свеце добра.

Не з сярпамі ў полі жнеі,
Не ў снапы кладуцца жмені,
А вядуць у наступ слаўны
Маладыя камбайнёркі
Самаходныя камбайны
Цераз долы і узгоркі.

І плывуць па жытнім моры,
Як мелодыі у хоры,
Ў залаціста-жытняй далі
Акунаюцца у хвалі.

Сыпле ураджай багаты
Залатым дажджом зярняты,
І шумяць імклівай рэчкай,
Гаварлівай добрай спрэчкай.

Родны колас што ёсць сілы
Жалі, жалі, малацілі,
І сабралі яго зерне
Дачыста ўсё на насенне.

Падобныя старонкі

  • язэп-пушча/язэп-пушча-на-возеры
  • язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе
  • язэп-пушча
  • язэп-пушча/язэп-пушча-сяўба
  • язэп-пушча/язэп-пушча-раніца
творы/язэп-пушча/язэп-пушча-жытні-колас.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki